Гродзенец, аматар більярда, адзначыў сваё 49-годдзе ў більярдавым клубе з кампаніяй знаёмых. Там ён падарыў сябру скрадзеныя шары агулам на 350 рублёў.
Як паведамілі ў МУС, падчас гульні яны выпівалі. Калі ўсе партыі былі сыграны, імяніннік сабраў 16 більярдных шароў у скрынку і «падарыў» іх свайму таварышу. Той у сваю чаргу ўзяў шары і сышоў з імі дадому.
— Кошт выкрадзенага склаў 350 беларускіх рублёў. У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў асобы мужчын былі высветленыя, — расказаў першы намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУС Гродна Вячаслаў Дземідовіч. — Дзеянням імянінніка дадзена прававая ацэнка. Раней мужчына судзімы не быў.