УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамляла пра непаўналетняга хлопца з Гродна, які дома на каляровым прынтары друкаваў грошы. У сувязі з гэтым міліцыя просіць у першую чаргу гродзенцаў праверыць банкноты наміналам 50 рублёў, якія знаходзяцца ў вас на руках.
Падробленыя купюры наміналам 50 рублёў адна за адной сталі выяўляцца ў Гродне ў перыяд навагодніх святаў. Малады чалавек спачатку сам збываў фальшывыя купюры, а потым прыцягнуў да справы знаёмых, якія былі вінныя яму грошы. Хлопец — навучэнец, атрымлівае сярэдне-спецыяльную адукацыю.
Падрабляліся толькі 50-рублёвыя банкноты, на дадзены момант іх выяўлена ўжо восем. У выніку праверак высветлілі, што фальшывак можа быць больш за дзесятак, і яны знаходзяцца на руках у людзей, якія нічога не падазраюць.
Падробленыя грошы выдае шчыльнасць паперы і невыразны малюнак. Таксама могуць супадаць нумары банкнот, бо з адной арыгінальнай 50-рублёўкі выраблялася некалькі копій. У выпадку выяўлення фальшывак аператыўна звяртайцеся ў міліцыю.