Паэт Артур Камароўскі, які пражыў дзесяць гадоў у Гродне і з’ехаў у Мінск, выдае кнігу вершаў. Ён паспяхова сабраў грошы праз краўдфандынг і плануе ўвесну прыехаць з прэзентацыяй у горад, які яму ўжо стаў родным.
Кніга «Вада пачынае жыць» — гэта зборнік вершаў, напісаных цягам апошніх трох гадоў. Аўтар кажа, што гэта вялікія і малыя гісторыі пра асабістае, гарады і ваду. Кніга выйдзе ў выдавецтве «Галіяфы» тыражом 300 экзэмпляраў у мяккай вокладцы. Кнігу падтрымалі 69 чалавек і сабралі нават больш грошай, чым гэта было неабходна.
Артур Камароўскі пражыў 10 гадоў у Гродне. Тут ён арганізаваў адзін паэтычны слэм і некалькі паэтычных сустрэчаў. З’ехаў адсюль у маі 2019 года.
— На самой справе, мне проста стала вельмі сумна чамусьці ў Гародні. Я не ведаю чаму. У мяне было не ўсё добра з працай. Мне здавалася, што ў Гародні амаль нічога не адбываецца. І калі мне хацелася, каб штосьці адбывалася, я рабіў гэта сам, — усміхаецца паэт.Апошнім мерапрыемствам Артура стаў паэтычны слэм. Туды прыйшло няшмат людзей і саміх паэтаў і паэтак. Артур зразумеў, што не будзе развівацца ў гэтым горадзе. Тут не адбываецца столькі літаратурных мерапрыемстваў, як у Мінску. Змяняць нешта ў Гродне не хапіла жадання і сіл — і хлопец змяніў горад. Паўгода малады чалавек пажыў у родным Міры, з’ездзіў у Рэзідэнцыю маладога літаратара ў Вільні і пераехаў у Мінск.
Два тыдні ў Рэзідэнцыі маладога літаратара змянілі ўсё ў жыцці Артура. Там ён пачаў пісаць так, як не пісаў раней — пра гэта кажа і яго рэдактарка.
— Я першы раз пабачыў мора. Мяне туды звазіла сяброўка. Я нават не планаваў туды ехаць. Усё атрымалася выпадкова. Але невыпадкова насамрэч, — усміхаецца Артур. — І я ўбачыў гэта мора — і, можа быць, гэта неяк патасна будзе гучаць, але мяне гэта вельмі ўзрушыла. І таму я яшчэ вяртаючыся ў Вільню з Клайпеды ў аўтобусе напісаў верш, адзін з маіх самых любімых — пра мора якраз. І ўсё адтуль і пачалося.
Пазней радок з гэтага верша дасць назву кнізе. Пасля Вільні паэт пачаў шмат працаваць — так, каб яму самому падабалася чытаць напісанае. Былі некалькі падборак у літаратурных часопісах, паэтычныя чытанні з Вольгай Гронскай у «Кніжнай Шафе». «Гэта для было тады нешта незвычайнае, таму што дзе Вольга Гронская, а дзе я?»
Да працы над кнігай падштурхоўвалі і сябры. І Артур пачаў дапрацоўваць любімыя вершы.Грошай на выданне кнігі не было. Артур арганізаваў краўдфандынг. Усё атрымалася — замест 1400 рублёў сабралі 1447. Паэт кажа, што гэта поспех і яму было цяжка ўявіць, што нехта будзе яму данаціць вялікія сумы. Сярод заданаціўшых не толькі яго сябры, але і незнаёмыя людзі.
«Я бачу гэтага канкрэтнага чалавека, якому ці якой захацелася пабачыць гэтую кніжку, патрымаць яе ў руках, пачытаць. І для мяне кожны гэты чытач ці чытачка — гэта вялікая радасць, а тое, што іх 60 з нечым — гэта проста ваў».
Калегі і чытачы ў стужцы Артура кажуць, што ён — таленавіты паэт, а яго вершы з часам увойдуць у школьныя падручнікі. Сам паэт сціпла кажа, што не чакаў столькі добрых слоў пра свае вершы. І ён нават не можа выказаць, наколькі ўдзячны гэтым людзям.
Сам ён да сваіх вершаў ставіўся вельмі крытычна. «А гэта мяне вельмі ўпэўніла ў сабе і ў тым, што я пішу хораша, што ў мяне ёсць тыя, што чытае гэтыя вершы. А гэта, па-мойму, самае важнае: калі ёсць хаця б адзін чалавек, які чытае. Гэта вельмі многа — нават адзін чалавек. На самой справе, калі б у мяне быў адзін чытач, я б і для яго пісаў», — кажа аўтар.
Пра падручнікі ён таксама не думае. Зараз ён навучаецца другі раз у Школе маладога пісьменніка. Займаецца паэзіяй і перакладамі.— Важнейшым для мяне сёння з’яўляецца працэс пісання. І калі ў мяне з’яўляецца новы верш — таксама вельмі цяжка апісаць словамі, наколькі гэта для мяне гэта важна. Наколькі кожны мой верш штурхае мяне наперад. Мне вельмі хочацца, каб гэты працэс расцягнуўся як мага даўжэй, — кажа Артур.
Акрамя вершаў, творца займаецца перформансам і працуе капірайтарам. З аднаго боку, гэта цяжка: ты пастаянна працуеш з тэкстам і на творчасць не хапае сілаў. З іншага — добра, бо дазваляе паглыбляцца ў мову.
— У наш час вельмі складана жыць толькі з літаратуры. Тым больш у Беларусі. Гэта ўдаецца толькі адзінкам. Хаця мне падаецца, што літаратура і пісьменніцтва — гэта такая ж самая праца. Толькі што зараз яна ніяк не аплочваецца. Таму і прыходзіцца часам краўдфандынг рабіць, таму што хочацца мець кніжку, а трэба гэта ўсё рабіць за свой кошт. У мяне такі спадзеў ёсць, што літаратура будзе як звычайная праца. Хтосьці працуе ў краме, хтосьці - ідзе ў спецыяльнае месца і займаецца там літаратурай.Артур лічыць, што паэт павінен балансаваць паміж думкамі аўтарытэтаў і ўласным адчуваннем. Быць самакрытычным, але самадастатковым. Паэт кажа, што стаць прызнаным не ў вузкім коле ў Беларусі рэальна. Галоўнае — якасныя вершы. Але паспяховейшым ты будзеш, калі акрамя гэтага ў цябе ёсць пэўная харызма і ўменне камунікаваць з аўдыторыяй. У прыклад ён прыводзіць Андрэя Хадановіча. Артур сябе да такіх паэтаў не адносіць.
«Бо для мяне заўсёды публічныя чытанні - гэта стрэс. Я чамусьці свае вершы не вельмі чытаю. Таму што калі я чытаю свае вершы, гэта як нейкая такая аголенасць. Іншыя вершы я цалкам у прынцыпе магу чытаць, але не свае».
Стаць вядомым можна праз літаратурныя імпрэзы — чытанні, фэсты. Мерапрыемствы ладзяцца, на іх ходзяць людзі, усё не так кепска. Пачаткоўцу складаней, бо яго мала хто ведае і не так часта запрашаюць.
«Хацелася б, канешне, каб розных фестывалей, такіх, як, напрыклад, „Стральцоўскі фэст“, „Прадмова“, было больш, і каб такія фестывалі фінансавалі лепш».
Ёсць і прэміі - «Дэбют», прэмія Гедройца, прэмія Цёткі, прэмія Стральцова. «Іншыя справа, што яны часцей не столькі грашовыя, колькі дадаюць нейкай вагі. Такая статусная больш штука. Вось, у цябе першая прэмія. А якія-небудзь 1000 рублёў ці долараў за гэта — гэта ўжо іншая справа», — кажа Артур.
Выдавецтвы ў нас таксама ёсць. «Святлана Алексіевіч зараз арганізавала выдавецтва для жанчын — гэта вельмі крута. Звычайна выдавецтвам у нас заведуюць мужчыны. І мужчыны, як яны лічаць, пішуць у нас галоўную літаратуру. Таму будзем спадзявацца, што гэта не апошняе выдавецтва новае, што будуць яшчэ, што яны будуць зацікаўленыя, каб выдаваць аўтараў, а не толькі аўтары самі будуць зацікаўленыя ў тым, каб шукаць сабе выдаўца», — расказвае паэт. А ўвогуле, кажа ён, самы лепшы спосаб самапіяру — пісаць шмат і добра.
Ці цікавяцца беларусы паэзіяй, ходзяць на сустрэчы, набываюць кнігі? Ці ёсць у іх густ?
«Мне падаецца, з густам у нас, як і ў любой іншай краіне. Мне не хочацца гаварыць, што ў нас не хапае густу ацаніць літаратуру, мне падаецца, тут справа крыху ў іншым», — прызнаецца Артур.
Ён кажа, што кніжныя крамы закрываюцца. Людзі купляюць мала кніг. Магчыма, кнігі дарагія — але яны і павінны так каштаваць. Гэта праца людзей — і не толькі аўтара. Іншая справа, што з нашымі заробкамі мы не заўсёды можам сабе іх дазволіць. Справа густу таксама ёсць, але не настолькі значная, каб на яе ўсё спісваць. Тут комплекс розных фактараў, лічыць паэт.
— Тут справа розных СМІ, якія не лічаць патрэбным і важным пісаць пра літаратуру, асвячаць нейкія літаратурныя мерапрыемствы на высокім узроўні. І таму да людзей не даходзіць пэўная інфармацыя. Які там Стральцоўскі фэст — што гэта такое? Каб гэта рэгулярна пісалася на ўзрозні T*T.BY, у якога вялікая наведвальнасць, то з часам людзі ведалі б, што адбываецца ў літаратуры ў іх краіне. Калі ў нас пішуць зрэдку і мала і толькі пра самых-самых, то пра што можна казаць тады?
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…