Intex-press.by палічыла, колькі сярэдніх заробкаў трэба адкласці, каб купіць аднапакаёвую кватэру ў 35 квадратных метраў у буйных гарадах Беларусі.
Для разліку бралі апошнія статыстычныя дадзеныя — сярэднемесячны намінальны заробак у буйных беларускіх гарадах за лістапад 2019 года і дадзеныя аб кошце квадратнага метра на «другасным рынку» ў трэцім квартале мінулага года.
Каб назапасіць на аднапакаёвую кватэру 35 квадратных метраў, больш за ўсё часу спатрэбіцца жыхарам сталіцы. Заробкі ў Мінску самыя высокія ў краіне (у лістападзе мінулага года сярэднестатыстычны работнік сталіцы зарабіў 1537,7 рубля, або каля $ 746 у эквіваленце). Але ў Менску і самыя высокія цэны на другаснае жыллё — каля $ 1360 за «квадрат». Атрымліваецца, каб купіць аднапакаёвую кватэру, жыхару сталіцы трэба цалкам адкладаць зарплату 5 гадоў і 4 месяцы.
Менш за ўсё часу для набыцця свайго жылля трэба жыхарам Наваполацка — 2 гады 5 месяцаў. «Квадрат» у гэтым райцэнтры танней, чым ва ўсіх абласных гарадах ($ 531 за квадратны метр), а па ўзроўні зарплаты Наваполацк саступае толькі Мінску (з 10 гарадоў, прадстаўленых у статыстыцы). У лістападзе мінулага года сярэдняя намінальная зарплата ў Наваполацку склала 1312,6 рубля (каля $ 637).
Колькі гадоў трэба збіраць на кватэру 35 квадратных метраў у розных гарадах
- Мінск — 5 гадоў 4 месяцы
- Брэст — 3 гады 9 месяцаў
- Віцебск — 3 гады 7 месяцаў
- Магілёў - 3 гады 5 месяцаў
- Гродна — 3 гады 4 месяцы
- Гомель — 3 гады 3 месяцы
- Баранавічы — 3 гады 1 месяц
- Пінск — 3 гады 1 месяц
- Бабруйск — 2 гады 11 месяцаў
- Наваполацк — 2 гады 5 месяцаў