У сярэдзіне студзеня на Замкавай, 12а адкрыецца кавярня “Доппио”, якая пазіцыянуе сябе як установа правільнага харчавання.
Новая кавярня адкрыецца ў памяшканні, дзе яшчэ нядаўна працавала крама касметыкі, а да яе – мастацкая майстэрня.
«У нас ужо амаль усё гатова, адкрыемся да сярэдзіны студзеня. Кавярня будзе складацца з дзвюх залаў на 18 пасадачных месцаў. Мы сябе пазіцыянуем, як кавярня з правільным харчаваннем. Правільныя дэсерты – гэта да нас.
Акрамя вялікай кававай карты ў нас будуць веганскія і вегетарыянскія пазіцыі, а таксама нізкавуглеводныя і высокабялковыя дэсерты. Дэсертаў каля 15 відаў, без лактозы. Мы выкарыстоўваем толькі натуральныя інгрэдыенты. Будзе некалькі відаў малака, а таксама свежавыціснутыя сокі», – распавёў уладальнік установы Дзмітрый Мароз.
Што азначае назва?
Doppio, у перакладзе з італьянскай, гэта двайны эспрэса. Ён прыгатаваны на падвойнай колькасці молатай кавы і аб’ёмам у два разы больш за стандартную порцыю эспрэса.
На Замкавай ужо працуюць кавярні “Наша кава” і “Проста кава”, а таксама піцэрыя “Pizza&Coffee”.


