Архітэктар Аляксандр Невар з дапамогай камп’ютарнай графiкi аднавіў кляштар бернардынак у Гродне. Ён выбраў від будынка да перабудовы ў праваслаўную царкву ў другой палове XIX стагодзя. Віртуальным праектам рэканструкцыі Аляксандр падзяліўся ў фэйсбуку.
Сёння на месцы кляштара стаіць будынак абласнога драматычнага тэатра, які быў пабудаваны ў 1977−1985 гадах.
«Мая новая камп’ютарная графіка гэта працяг праекта „Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi“, дзе на сваiх былых месцах вiртуальна „адраджаюцца“ знiклыя архiтэктурныя шэдэўры нашага краю, цiкавосткi i адметнасцi, якi пакiнулi свой след у памяцi не аднаго пакалення. З’явiлiся ў навуковым звароце дагэтуль малавядомыя абмерныя чарцяжы гэтага храма — ну i адпаведна магчымасць прадэманстраваць больш дакладны яго выгляд да сярэдзiны XIXcт.», — распавёў Hrodna.life Аляксандр.
Праект Аляксандра паўстаў дзякуючы дапамозе гродзенскіх гісторыкаў Мечыслава Супрона, Андрэя Вашкевіча і Андрэя Чарнякевіча.
Аляксандр Невар робіць віртуальную рэканструкцыю страчаных будынкаў па ўсёй Беларусi i нават за яе сучаснымi межамi. У Гродна ён так аднаўляў Фару Вітаўта. Па Гродзенскай вобласцi з апошнiх — касцёлы ў Котчыне (ля Дзярэчына) i Новадзявяткавiчах.
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]