У «Цэнтры гарадскога жыцця» прэзентавалі абноўленых «Паўстанцаў» — першую беларускую настольную гульню. Яна мае новы дызайн, больш гістарычнага напаўнення і дадаткі. А яшчэ там ёсць Лявон Вольскі! Сцэнар той жа — вы можаце перапісаць гісторыю і даць паўстанцам 1863 года перамагчы.
«Паўстанцы» — першая беларуская настольная гульня, пад час якой вы можаце паглыбіцца ў атмасферу 1863 года. Гульня ўпершыню выйшла ў 2013 годзе і адразу набыла вялікую папулярнасць, а таксама выклікала хвалю з’яўлення іншых беларускіх настолак. Акрамя забавы гульня носіць адукацыйны характар.
— У нас скончыўся надрукаваны тыраж. Пыталі, ці ёсць гульня — але яе не было. Мы зразумелі, што трэба дадрукаваць. Але мы выраслі ў сэнсе настолак, зразумелі, што мы зрабілі не так. Захацелася новы выгляд для іх. І мы вырашылі перавыдаваць новую дапрацаваную версію: з новым дызайнам, з цікавымі гістарычнымі фішкамі, з персанажамі. Змянілі фармат, каробкі, — кажа Антось Янкоўскі, які разам з жонкай Настай стварыў гульню.
Яны працавалі год. Па-першае, гульня займела новы дызайн. Па-другое, там з’явілася багатае гістарычнае напаўненне. У гульні былі карткі рэальных паўстанцаў і царскіх службоўцаў. Цяпер карткі «простых беларусаў» таксама пабудаваны на аснове гістарычных асобаў. Таксама вы знойдзеце воклічы паўстання, важныя даты і нават цытаты з гістарычных дакументаў.
Адмыслова да новай версіі «Паўстанцаў» былі распрацаваны два дадаткі - «Праклён» і «Падзеі». Яны робяць гульню цікавай і больш непрадказальнай, а таксама нясуць у сабе гістарычную інфармацыю. У новым выданні аптымізавалі некаторыя механікі гульні, што зрабіла яе больш дынамічнай, лагічнай і разнастайнай.
Як Лявон Вольскі стаў паўстанцам
У краўдфандынгу быў лот — можна было замовіць картку з выявай сябе або свайго роднага. Яна мае паўнавартасную сілу. Некаторыя людзі скарысталіся магчымасцю і замовілі картку з самім сабой. Яе можна выкарыстоўваць як паштоўку ці дадаць у гульню і мець унікальную картку, якой няма ў іншых асобніках.
У той жа час Лявон Вольскі прыязджаў у Гродна. Стваральнікі гульні вырашылі зрабіць яму падарунак — намаляваць яго картку. Потым зладзілі сумесны розыгрыш. Картка мае права ўдзелу ў гульні як звычайны персанаж на баку паўстанцаў.
Колькі людзей ужо набылі гульню?
Праз краудфандынг стваральнікі сабралі 70 адсоткаў ад сродкаў. Яны лічаць гэта поспехам. Гульня выйшла б у любым выпадку, але талака паскорыла працэс. Найбольш падтрымалі праект гродзенцы і мінчане. Ахвяроўвалі і іншыя абласныя і раённыя гарады. Цікавіліся падтрымкай нават людзі з-за мяжы, але дастаўка атрымалася вельмі дарагой. З імі трымаюць кантакт і шукаюць магчымасці перадаць гульню.
Пакуль яшчэ можна дакупіць некалькі чахлоў і пратэктараў - потым іх не будзе. Адмыслова да кампаніі Янкоўскія зрабілі значакі з гербам паўстання, якія ў тыя часы насілі ў знак салідарнасці з паўстанцамі. Іх можна набыць асобна за 15 рублёў. Таксама засталося некалькі экзэмпляраў сцікераў на тэму паўстання за 5 рублёў.
— Мы ў мінскія крамы прывозілі гульні - і іх адразу забіралі. Улічваючы людзей, якія падтрымалі, і продажы ў крамах, на сённяшні момант прададзена каля 600 асобнікаў. Тэлефануюць з крамаў і кажуць, што трэба яшчэ, — усміхаецца Антось. — Таму да новага года лічба вырасце.
У першым тыражы выйшла 1000 экзэмпляраў. Пасля новага года плануецца яшчэ адзін тыраж. У Гродне набыць гульню можна ў краме-клубе «Кубік» і краме «Адметнасць». Хутка гульня заедзе яшчэ ў некалькі месцаў. У Мінску гульня «Паўстанцы» чакаюць вас у асноўных сувенірных крамах і крамах настольных гульняў. На днях гульня з’явіцца ў Гомелі і Брэсце. Кошт — каля 30 рублёў. Падрабязней пра гульню можна пачытаць тут.