У Бярозаўцы жанчына выштурхнула з акна сяброўку, яна памерла. Што вырашыў суд?

Сёлета ў маі ў Бярозаўцы па вуліцы Школьнай 44-гадовая жыхарка горада выштурхнула 51-гадовую суседку па інтэрнаце з акна свайго пакоя, размешчанага на трэцім паверсе. Жанчына ад атрыманых траўмаў памерла. Нядаўна адбыўся суд па гэтай крымінальнай справе. У асуджанай засталіся дзеці 2013 і 2018 гадоў нараджэння, якія цяпер жывуць са сваім бацькам, паведамляе lidanews.by.

Ганна і Яўгенія (імёны змененыя) нарадзіліся ў адной вёсцы Мажэйкаўскага сельсавета і ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Стаўшы дарослымі і апынуўшыся суседкамі па інтэрнаце, як зямлячкі, падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Яўгенія жыла адна. Сын гадоў пяць таму з’ехаў у Расію і адносін з маці не падтрымліваў, таму жанчына з задавальненнем корпалася з малымі Ганны.

Зрэшты, часам паміж Ганнай і Яўгеніяй былі непаразуменні. Сваркі ўзнікалі часцей за ўсё праз ужыванне спіртнога, паколькі жанчыны адносіліся да катэгорыі тых людзей, якіх алкаголь робіць некіравальнымі. Яўгенія любіла выпіць, грошы зарабляла часовымі заробкамі: пляла кошыкі, летам збірала ягады, грыбы. Не грэбавала чаркай і Ганна, якая апошнім часам знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Сем гадоў таму жанчына праходзіла лячэнне ад алкагалізму ў бальніцы «Астроўля», а у 2018 годзе яе нават паставілі на ўлік ў нарколага.

«Мама, не кідай цётку Жэню!»

1 мая Ганна і Яўгенія пачалі піць з самай раніцы, размясціўшыся ў невялікай кухне блока. Ніхто не перашкаджаў: сужыцеля Ганны не было дома — праходзіў лячэнне ў бальніцы. Да прыяцелек зазірнула яшчэ адна суседка па інтэрнаце. Ёй прапанавалі выпіць. Тая ў падзяку за ветлівасць і гасціннасць вырашыла дадаць сваё спіртное — схадзіла ў краму, якая размешчана на першым паверсе інтэрната, і купіла паўлітру гарэлкі.

Калі і гэтая бутэлька апусцела, жанчыны перайшлі ў пакой. Суседка прымасціліся ў крэсле каля тэлевізара з шасцігадовым сынам Ганны. Ганна з Яўгеніяй, вырашыўшы папаліць, падышлі да акна. Гаспадыня пакоя насцеж расчыніла фрамугу, каб зняць бялізну з вяровак. Свежае вясновае паветра ўварвалася ў памяшканне. І тут паміж сяброўкамі пачалася размова на павышаных танах. «Што ты ўвесь час ныеш, жалішся на жыццё?!» — злавалася на Яўгенію Ганна. Раптам у нейкі момант са словамі «Ды … ты мяне, Кнопка!» яна ўзяла Яўгенію за шыю і верхнюю частку тулава і рэзка штурхнула ў адкрыты аконны праём. «Мама, не кідай цётку Жэню!» — у жаху закрычаў сыночак Ганны. Быццам апамятаўшыся, жанчына паспрабавала схапіць падаючую ўніз галавой жанчыну за ногі, але не ўтрымала. У руках застаўся толькі адзін шкарпэтак.

Ганна кінулася на вуліцу. Яўгенія, не падаючы прыкмет жыцця, ляжала на зямлі. З вокнаў інтэрната выглядалі жыхары, хтосьці ўжо набраў нумар хуткай дапамогі…

Што вырашыў суд?

Яўгенія памерла па дарозе ў бальніцу. Праляцеўшы восемь метраў і стукнуўшыся аб цвёрдую паверхню, яна атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Бо пад акном блока інтэрната, дзе адбылася трагедыя, знаходзяцца бетоннае пакрыццё і П-вобразны бетонны выступ. У дачыненні да Ганны распачалі крымінальную справу. Бярозаўчанку заключылі пад варту і ўтрымлівалі да суда ў турме ў Гродне.

У момант злачынства жанчына не знаходзілася ў стане афекту і ўсведамляла, што робіць. Алкагольнае ап’яненне суд аднёс да абцяжарваючых акалічнасцяў. Ганна прызнана вінаватай у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойства). На падставе ч. 1 арт. 139 КК ёй было прызначана пакаранне тэрмінам на шэсць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ганна падавала скаргу ў апеляцыйную інстанцыю. Жанчына даказвала, што ў яе дзеяннях не было намеру, а здзейсніла яна супрацьзаконнае дзяянне па неасцярожнасці. Аднак прысуд Лідскага суда быў пакінуты без зменаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024