Ужо гэтым вечарам да нас даставяць галоўны сімвал Раства — Віфлеемскі агонь. Першым, па традыцыі, святыню прыме Фарны касцёл у Гродне. З гэтай нагоды тут адбудзецца ўрачыстая імша, паведамляе ont.by.

Адсюль часцінкі полымя разыйдуцца па ўсіх парафіях краіны, каб і каталіцкія, і праваслаўныя вернікі змаглі запаліць свечку і прынесці каляднае святло ў свой дом.

Віфлеемскі агонь для хрысціян мае важнае сімвалічнае значэнне — гэта вобраз нязгаснай веры. Традыцыі ўжо больш за 30 гадоў. Полымя запальваюць у базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, затым на самалёце дастаўляюць у Вену. Адтуль агонь разлятаецца па ўсім свеце.