Вольга Бабінская на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла, што сабрала першы ўнёсак на рамонт фасада будынка і падзякавала гродзенцам за падтрымку.
У кастрычніку з’явілася інфармацыя, што апошняя прыватная галерэя ў Гродне можа зачыніцца. Галерэя “Тызенгаўз” павінна аплаціць капітальны рамонт фасада будынка, у якім знаходзіцца ўжо шмат гадоў – 4135 рублёў. Гэта вялiкая сума для ўладальнiцы. Вынiкам нявыплаты магло стаць закрыццё чарговай мастацкай прасторы ў Гродне. Гродзенцы пачалі збіраць грошы і дапамагаць галерэі. Збірала грошы ў тым ліку і рэдакцыя Hrodna.life.
Чытай таксама: У Гродне можа зачыніцца апошняя прыватная галерэя
https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=3291434910927119&id=100001819286518
У будынку, дзе знаходзіцца галерэя, таксама знаходзіцца Гродзенская капэла, БРСМ, прыватная цырульня, грамадскае аб’яднанне літоўцаў. Падобныя рахункі за рамонт фасада будынка ад УЖРЭП атрымалі ўсе арандатары. Дзялілі агульную суму з разліку метражу, які займае арандатар. Заплаціць прыйдзецца згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 7 чэрвеня 2018 г. № 433. Цяпер працы па фасадзе будынка будуць аплачваць і фізічныя асобы. Праўда, фізічныя – 50% паслуг, а юрыдычныя – цалкам. Па той жа прычыне закрыўся Музей праса ў Гродне.

“Тызенгаўз” – апошняя прыватная галерэя ў Гродне. Вясной гэтага года найстарэйшая прыватная галерэя “У Майстра” пераўтварылася на салон-краму і выставачную прастору. Галерэя “Крыга” перастала існаваць у 2017 годзе, калі з гаспадаром улады скасавалі дамову арэнды. Цяпер там майстэрня мастака Алеся Сурава. Таксама ў Гродне працуе Гродзенская выставачная зала і культурны цэнтр “Фестывальны”, але гэта дзяржаўныя структуры. Выставы праходзяць у арт-кафэ, музеях і культурных прасторах.
Гродзенскі мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы прапаноўвалі стварыць у Гродне мастацкі музей. Улады адказалі, што пытанне прапрацоўваецца.



