Айцец Андрэй Крот, душпастыр гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, наведаў перапахаванне паўстанцаў у Вільні і служыў набажэнства за іх супакой. Ён расказаў, што адчуваў, калі ішоў у працэсіі побач з Каліноўскім.
— Я спачатку не збіраўся ехаць на пахаванне Кастуся Каліноўскага. Баяўся, што трэба будзе прайсці шмат фармальнасцяў, узгадненняў, каб патрапіць на цырымонію. Але калі даведаўся, што ў межах пахавання плануецца і грэка-каталіцкая служба, сам звярнуўся да свайго царкоўнага кіраўніцтва і выказаў жаданне ехаць.
Як у Вільні прайшло перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў
Для мяне гэта было важна, бо падзея гістарычная. Да таго ж я меў магчымасць некалькі разоў маліцца на месцы бацькоўскага дома Каліноўскага ў Якушоўцы, у Свіслачы, дзе ён вучыўся. Таму асоба Кастуся Каліноўскага мне блізкая. І яшчэ для мяне ўдзел у пахаванні гэта такі выраз удзячнасці чалавеку, што змагаўся за свабоду нашай Бацькаўшчыны і адраджэнне Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы, — кажа айцец Андрэй.
Святар удзельнічаў у працэсіі, у грэка-каталіцкай літургіі за супакой Канстанціна Каліноўскага і яго паплечнікаў у суботу ў базыльянскай царкве св. Тройцы, быў адным з чатырох святароў, што служылі гэтае набажэнства. Наведаў канцэрт гурта «Dzieciuki», хоць звычайна не ходзіць на такія мерапрыемствы.
Гродзенскія Dzieciuki выступілі ў Вільні. Глядзі, як гэта было
«Але тут мне важна было сустрэцца з беларусамі, якія прыехалі ў Вільню ў гэтыя дні, сярод якіх было таксама шмат вернікаў нашай Царквы ці проста старых знаёмых.
Для мяне гэты канцэрт стаўся нечым накшталт памінальнай вячэры, калі пасля пахавання збіраюцца сябры і знаёмыя памерлага ды ўзгадваюць пра яго жыццё. Тут музыкі, наш гарадзенскі гурт «Dzieciuki», саліст якога Алесь Дзянісаў, дарэчы, ахрышчаны ў нашай Царкве, узгадалі ў сваіх песнях і пра Каліноўскага, і пра іншых паўстанцаў, ды ўвогуле пра ўсіх бязвінна загінулых на нашай зямлі".
— Як гэта — ісці побач з Каліноўскім? Што вы адчулі?
— Розныя былі думкі. Па-першае, кранула тое, што людзі праляжалі ў зямлі 155 год, здавалася б, зніклі назаўсёды. А тут іх целы знайшлі, ды з вялікім гонарам хаваюць, па-людску ды па-хрысціянску. Гэта для мяне такі знак, што, калі нават па-чалавечы нейкая нашая справа здаецца безнадзейнай, то ў Бога свае планы, магчыма, прынясе яна плён толькі праз 100 год, а пашаны мы дачакаемся толькі праз 150, — усміхаецца айцец Андрэй. — Па-другое, адчуў гонар за беларусаў, якія, нягледзячы на цяжкасці (візы, квіткі, працоўны дзень і г. д.) прыехалі на пахаванне сваіх герояў. Такі годны чалавечы ўчынак.
Па-трэцяе, уразіла ўрачыстасць цырымоніі - высокія прадстаўнікі свецкіх і царкоўных уладаў розных краін, вайсковая атрыбутыка, людзі са сцягамі розных краін і г. д. І адначасова простасць — працэсія ішла па вуліцах, дзе людзі займаліся звычайнымі справамі - працавалі, сядзелі ў рэстаранах, спяшаліся па сваіх справах. Нібы сам Каліноўскі ў кампаніі паплечнікаў ішоў па Вільні.
— Чаму для вас Каліноўскі - герой?
— Таму што адважыўся кінуць выклік імперыі і пачаў змагацца за свабоду сваёй Радзімы ды за годнасць чалавечай асобы, маючы невялікія шансы на перамогу. Ён змагаўся не за ўладу для сябе, не дзеля ўласнай карысці, а дзеля людзей. Марыў не толькі пра незалежнасць Рэчы Паспалітай ці Беларусі, а пра тое, каб учарашнія прыгонныя, амаль рабы, атрымалі не толькі ўяўную, але сапраўдную свабоду. У кагосьці з гісторыкаў чытаў: гэта Каліноўскаму ўдалося, бо царскія ўлады, каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі сялян і пазбегнуць паўстанняў у будучыні, выканалі праграму Каліноўскага і яго паплечнікаў. Таму ахвяра Кастуся не была дарэмнай, — кажа айцец Андрэй Крот.