Навіны

«Польскі бандыт і мяцежнік». Як у Расеі адрэагавалі на перапахаваньне Каліноўскага і яго паплечнікаў

Урачыстую цырымонію перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў 1863−1864 гадоў, якая 22 лістапада адбылася ў Вільні, шырока асьвятлялі беларускія незалежныя і замежныя мэдыя. С**бода >паглядзела, што пісалі пра гэтую падзею ў Расеі, дзе паўстанцаў на чале з Кастусём Каліноўскім многія дагэтуль лічаць «ворагамі імпэрыі».

Аказалася, што буйныя інфармацыйныя агенцтвы — ТАСС, РИА «Новости», Интерфакс — «байкатавалі» ўрачыстасьць, нават пра яе не згадаўшы. Затое на многіх менш афіцыйных пляцоўках адзначаўся выразна «антырасейскі кантэкст» публічнай дзеі.

Regnum: «Мяцежнік масава зьнішчаў продкаў беларусаў»

Сэрыя прынагодных матэрыялаў зьявілася ў стужцы агенцтва Regnum. Вось некаторыя загалоўкі:

  • «Польскі бандыт Каліноўскі аказаўся «грамадзянінам Беларусі»,
  • «Афіцыйны Менск адсьвяткуе паўстаньне супраць царскай Расеі ў Літве»,
  • «МЗС Беларусі ўшаноўвае парэшткі польскіх бандытаў»,
  • «У Літве заявілі пра аб’яднаньне народаў у памяць змаганьня супраць Расеі».

«Празаходняя русафобская апазыцыя ў Беларусі разышлася ў поглядах на лёс парэшткаў: адны патрабавалі на незразумелых прававых падставах вывезьці іх у Беларусь, іншыя назвалі патрабаваньні правакацыяй і заявілі пра неабходнасьць урачыста пахаваць іх у Вільні, — уводзіць чытачоў у курс нехта Георгій Шклоўскі. — Піку гэтая блюзьнерская, адкрыта рэвізіянісцкая эпапея дасягнула 17 лістапада: выступаючы перад прэсай, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Каліноўскі «дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам».

Аўтар робіць закіды і ў бок беларускіх нацыяналістаў, якія лічаць «польскага мяцежніка, вінаватага ў масавым зьнішчэньні продкаў цяперашніх беларусаў», нацыянальным героем і змагаром за незалежнасьць Беларусі.

Віленскі Катэдральны пляц падчас цырымоніі пахаваньня паўстанцаў, 22 лістапада

Евразия Daily: «Пад бандэраўскім лёзунгам «Героі не паміраюць!»

У падобнай танальнасьці апісвае падзеі 22 лістапада іншая прапагандысцкая пляцоўка рунэту — Евразия Daily. Выніковы артыкул называецца «У Вільні ўрачыста перазахавалі правадыроў антырасейскага паўстаньня».

«Першымі зьявіліся труны з парэшткамі Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, кіраўнікоў паўстаньня, — адзначаецца ў артыкуле. — Беларускія нацыяналісты расказвалі, што хаваюць „герояў барацьбы за незалежнасьць“, а апазыцыйны палітык Павал Севярынец выкрыкнуў бандэраўскі лёзунг „Героі не паміраюць!“. Сярод прысутных заўважаныя важакі беларускай апазыцыі: Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў. На працягу дзьвюх з паловай гадзінаў яны мелі магчымасьць разьвітацца з парэшткамі, выстаўленымі ў саборы».

У іншым матэрыяле крытыкуецца віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка, які «высока ацаніў» значэньне паўстаньня для беларускай гісторыі, зьвязаўшы яго зь «перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя» («Віцэ-прэм'ер Беларусі: Каліноўскі — сын беларускай зямлі»).

Фонд стратэгічнай культуры: «Нічога (бела)рускага ў яго не было»

Электроннае выданьне «Фонд стратэгічнай культуры» не хавае абурэньня, што ў Літве на дзяржаўным узроўні адбылося ўрачыстае перапахаваньне парэшткаў удзельнікаў «мяцяжу» 1863 году, у тым ліку аднаго з ідэолягаў «взбунтовавшейся шляхты» Канстанціна Каліноўскага, які толькі «прыкідваўся» беларускім селянінам.

«Галоўнай мэтай мяцяжу было вяртаньне польска-каталіцкай шляхце, якая прыгнятала праваслаўнае насельніцтва, „залатых вольнасьцяў“ часоў Рэчы Паспалітай, — адукоўвае рэсурс. — Каліноўскі і Серакоўскі пакараныя сьмерцю за злачынствы: удзел у забойствах расейскіх салдатаў, сялянаў, праваслаўных сьвятароў. На гэтым фоне дзіўна выглядала прысутнасьць на працэдуры ўшанаваньня забойцаў віцэ-прэм'ера Петрышэнкі. Яшчэ раз: Каліноўскі быў палякам, заклікаў польскую шляхту да паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі. І мроіў аб Рэчы Паспалітай, якая паглыне Беларусь. Нічога (бела)рускага ў тым чалавеку не было».

Канструяваньне міту пра сумеснае паўстаньне палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў супраць царскай Расеі працягваецца, падсумоўвае безыменны «ўласны карэспандэнт».

Вільня, 22 лістапада

RuBaltic: «Антыправаслаўная прапаганда Каліноўскага»

Інфармацыйны рэсурс RuBaltic.ru (Калінінград) засяродзіўся на прамове кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. У прыватнасьці, незадаволенасьць выклікалі заявы сьвятара пра тое, што Кастусь Каліноўскі «першым успрыняў беларусаў як асобную нацыю».

У артыкуле «Каталіцкая царква загульвае зь беларускім нацыяналізмам» нехта Ўсевалад Шымаў называе заканамернай прысутнасць мітрапаліта на дзяржаўнай цырымоніі ў Вільні.

«Касьцёл у Беларусі працуе як з польскай ідэнтычнасьцю, так і зь беларускім нацыяналізмам, згодна зь якім Каліноўскі ня польскі, а нацыянальны герой, — гаворыцца ў публікацыі. — Беларуская праваслаўная царква з нагоды ўрачыстай цырымоніі ў Вільні пакуль захоўвае маўчаньне. Хоць, па ідэі, менавіта ў праваслаўнай грамадзкасьці павінны паўстаць пытаньні наконт падобнай палітыкі гістарычнай памяці. Бо тэрор супраць праваслаўнага насельніцтва і сьвятароў на тэрыторыі Беларусі быў неад’емнай часткай паўстаньня 1863 году, а ў выдаваных Каліноўскім лістках антыправаслаўная прапаганда адыгрывала адну зь вядучых роляў».

У тэксьце канстатуецца, што прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі разам зь сьвятарствам другой паводле колькасьці рэлігійнай канфэсіі Беларусі ўшаноўваюць дзеячоў, якія вялі барацьбу з рэлігійнай групай, якая і тады, і сёньня дамінуе ў краіне.

Выступ арцыбіскупа Кандрусевіча падчас разьвітальнай цырымоніі з паўстанцамі

MR7.ru: «Арганізатар паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі»

Інфармацыйны партал MR7.ru зь першых радкоў тлумачыць чытачам, што Кастусь Каліноўскі «быў адным з арганізатараў паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі».

Адрозна ад іншых публікацыяў, тут прынамсі згадваюць пра апоўзень на гары Гедзіміна. Маўляў, былі заплянаваныя работы для ўмацаваньня глебы, але ў сувязі з гістарычнай значнасьцю месца туды запусьцілі археолагаў, якія «выпадкова знайшлі меркаваныя парэшткі пакараных паўстанцаў».

«У цырымоніі перапахаваньня ўзялі ўдзел прэзыдэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда, а таксама віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка, — акцэнтуецца ў публікацыі ўзровень падзеі. — Адметна, што для беларускай дэлегацыі і ўсіх ахвотных літоўская амбасада ў Менску выдала аднаразовыя візы. Літоўскія камэнтатары ў наўпроставай трансьляцыі ня раз заяўлялі аб тым, што падзея „аб'ядноўвае прыгнечаныя народы ў барацьбе супраць Расеі“. Героі таго паўстаньня, паводле іх, паказваюць, хто сапраўдны вораг краіны. Лідэраў антырасейскіх выступаў называюць „агульнымі“ для Літвы, Польшчы, Беларусі і Украіны».

Газэта «Правда»: «Зьверствам паўстанцаў не было мяжы»

Карэспандэнты газэты «Правда», калісьці галоўнага друкаванага органа ЦК КПСС, не вялі рэпартажаў зь перапахаваньня, але кандыдат гістарычных навук Яўгеній Падлесны ў вялікім артыкуле тлумачыць, чаму Кастуся Каліноўскага нельга лічыць «змагаром за інтарэсы беларускага народу».

«Гэта было польскае паўстаньне супраць Расеі, і Каліноўскі быў польскім нацыяналістам, які змагаўся за аднаўленьне Рэчы Паспалітай „од можа до можа“, — расказвае аўтар. — Называць паўстаньне беларускім — мяжа гістарычнай непісьменнасьці, палітычнага махлярства. Беларускі народ не падтрымаў польскага паўстаньня. Наадварот, выступіў супраць, аказваючы актыўны супраціў. Для расправы зь непаслухмянымі паўстанцы стварылі адмысловыя групы жандараў-вешальнікаў і кінжальнікаў. Зьверствам іх не было мяжы. Віна большасьці была ў тым, што яны не хацелі змагацца за аднаўленьне „вялікай Польшчы“».

Ня дзіва, што царскія ўлады не адчувалі недахопу ў добраахвотных памагатых, падсумоўвае палітоляг. Паводле яго зьвестак, шмат дзе ў аддзелы мясцовай самаабароны запісвалася ледзь ня ўсё мужчынскае насельніцтва. Таму польскія паўстанцы баяліся беларускіх сялянаў больш, чым царскіх войскаў.

Дзеля справядлівасьці, недалёка ад праўладных расейскіх мэдыя адышлі і беларускія дзяржаўныя СМІ. Агенцтва БелТА надрукавала нататку ў рубрыцы «Дальнее зарубежье» з цытатамі віцэ-прэм'ера Петрышэнкі, на якую спасылаліся іншыя афіцыйныя выданьні. У фотарэпартажы БелТА, як і ў тэлерэпартажах дзяржаўных каналаў, урачыстасьць паказаная безь ніводнага бел-чырвона-белага сьцяга, якіх у той дзень у Вільні лунала не адна сотня.

Падзяліцца
Меткі: спадчына

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024