Наста Капыток – адна з заснавальніц гродзенскай ініцыятытывы “Inter”. Гэта супольнасць, дзе моладзь збіраецца на лекцыі і дыскусіі па гендарнай тэматыцы. Ініцыятыва з’явілася ў сярэдзіне кастрычніка і ўжо правяла некалькі сустрэч. На іх абмеркавалі квір-актывізм і гендарныя стэрэатыпы. Наступная тема – бодзіпазітыў. Для Hrodna.life Наста расказала, чаму моладзі патрэбны такія лекцыі.
“Мяне вось гэта тэма гендару і фемінізму зачапіла ў 15 гадоў. Мне пачалі казаць: “Ты не як дзяўчына выглядаеш”. Гэта быў такі першы стрэсавы момант”.
Тое самае працягвалася і пазней, калі Наста вучылася ў музычным каледжы. “У знак пратэсту я нават збрыла валасы і напісала жорсткі пост у сацсетках. Тыпу, “задзяўбло, што ўсе вучаць, як мне трэба выглядаць”. Я была яшчэ зусім маладая і не магла пастаяць за сябе ці наўпрост сказаць дарослай цётачцы, што знешнасць – мая асабістая справа”.
“Гэта ўсё звязана з маім жыццём”
Па словах Насты, праз “пацанскі” выгляд яе нават пазбавілі галоўнай ролі ў мюзікле.
“Усе хацелі, каб я вось так узяла і расквітнела. А я не хацела квітнець”.
Падобныя канфлікты і падштурхнулі дзяўчыну да тэмаў гендару і фемінізму. Стала чытаць, шукаць інфармацыю ў сеціве, удзельнічаць у фемінісцкіх летніках і зразумела: “Мне ўсё гэта вельмі цікава, блізка, гэта ўсё звязана з маім жыццём”.

Цяпер, паводле Насты, прыйшоў час дапамагчы іншым. “Зараз мне 20 і ёсць жаданне дзяліцца досведам пераадолення гендарных стэрэатыпаў з моладдзю і падлеткамі”.
Узялі ініцыятыву ў свае рукі
“Вось таму мы з сяброўкай, Машай Яцэўскай, вырашылі арганізааваць такую суполку. Ужо на першыя сустрэчы пачало збірацца шмат людзей. Мы хочам, каб яны ўсе перазнаёміліся, тусілі разам і атрымлівалі патрэбную інфармацыю”.
Высветлілася, што экспертаў для выступаў знайсці не складана. “Мы проста не саромеемся пісаць і запрашаць. І нам яшчэ ні разу не адмовілі ў падтрымцы”.
Бліжэйшая лекцыя суполкі будзе прысвечана бодзіпазітыву. Надалей дзяўчаты плануюць праводзіць таксама кінапаказы, воркшопы, сустрэчы і дыскусіі.

“Наша камунікацыя будуецца паводле прынцыпу “усе розныя – усе роўныя”. Гэта значыць, суполка адкрытая для цябе незалежна ад полу, гендару, колеру скуры, нацыянальнасці, рэлігійных перакананняў ці ментальнага здароўя”, – так азначае сябе старонка Inter у інстаграме.


