Навіны

У Гродне пройдзе фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus запрашае жыхароў Гродна на прагляд лепшай дакументалістыкі, а таксама на дыскусіі і сустрэчы з цікавымі гасцямі. На 4 дні, ад 28 лістапада да 1 снежня, ў нас ёсць годны план: будзем глядзець адборныя кінастужкі рэжысёраў з усяго свету і абмяркоўваць праблемы з экспертамі. Таксама нас чакае сустрэча з беларускім рэжысёрам-дакументалістам Андрэем Куцілам.

Кранальныя, натхняльныя, правакацыйныя і захапляльныя — усе фільмы пакідаюць моцныя эмоцыі і прапануюць няпростыя развагі пра тое, што чалавек робіць з чалавекам.

Праз рэальныя чалавечыя гісторыі, адкрытыя факты, шчырасць, мы падымаем тэму свабоды і яе межаў, правоў і чалавечай годнасці. У нас няма кепскіх і добрых персанажаў, правільных адказаў і абавязковага хэпі энду. Мы шукаем межы сваёй (не) свабоды і гатовыя сказаць «What the f !!!» усяму, што яе абмяжоўвае!

Разам з рэжысёрамі-дакументалістамі усяго свету прапануем адарвацца ад серыяльнай жуйкі і паспрачацца аб свабодзе, задумацца пра тое, што і чаму нас абурае.

Сустракайце фільмы, сюжэт якіх па напале і неверагоднасці нашмат пераўзыходзіць баевікі і трылеры. Бо гаворка пра рэальных людзей і падзеі!

Праграма фестывалю

(Месца: Цэнтр гарадскога жыцця Гродна, вул. Кірава, 3)

28 ЛІСТАПАДА, чацвер

Пачатак: 18:30

Фільм «Сустрэча выпускнікоў» (Швецыя) рэж. Ганна Одэлл

Госця: мінскі псіхолаг Наталля Масюкевіч.

Першым фільмам нашага кінамарафона стане праца скандальнай шведскай актрысы і рэжысёра Ганны Одэл «Сустрэча выпускнікоў».

«Сустрэча выпускнікоў» — выбітная праца аб праблеме булінга ў школьным асяроддзі. Пасля таго, як аднакласнікі Ганны не запрасілі яе на вечар сустрэчы выпускнікоў, мастачка зняла фільм пра тое, наколькі эксцэнтрычнай гэтая сустрэча магла б стаць, калі б Одэл ўсё ж яе наведала і зрабіла б усё, чаго яе аднакласнікі імкнуліся пазбегнуць. Другая, дакументальная частка фільма ставіць пытанні пра чалавечую гатоўнасць глядзець у вочы праўдзе, памяці аб зробленым у далёкім мінулым гвалце і этыцы самастойнага псіхалагічнага росту — выхаду са стану ахвяры.

Пасля прагляду фільма разам з мінскім псіхолагам Наталляй Масюкевіч абмяркуем праблему булінга.

29 ЛІСТАПАДА, пятніца

Пачатак: 18:30

Фільм «Працэс. Расійская Федэрацыя супраць Алега Сянцова»

(Польшча, Чэхія), рэж. Аскольд Куро

Госці:

Андрэй Казакевіч. Палітолаг, доктар палітычных навук (PhD in Political Science), дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» (Мінск, Беларусь).

Уладзімір Мацкевіч. Філосаф і метадолаг, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта.

У гэты дзень паглядзім дакументальны фільм, які стаў падтрымкай украінскага кінарэжысёра з боку міжнароднай супольнасці яго калег па цэху. Стужка распавядае пра абставіны справы Алега Сянцова, які быў затрыманы ў 2014 годзе расійскімі спецслужбамі ў Крыме і незаконна прысуджаны да 20 гадоў зняволення ў Расіі.

Пасля прагляду фільма прапануем гарадзенцам паразмаўляць пра адносіны Беларусі і Расіі, пагрозах — рэальных і надуманых — адносна «паглыбленай інтэграцыі» нашых краін з двума прафесійнымі экспертамі: палітолагам Андрэем Казакевічам і мэтадолягам Уладзімірам Мацкевічам.

30 ЛІСТАПАДА, субота

Пачатак: 17:00

Фільм «Стрыптыз і вайна» (Беларусь), рэж. Андрэй Куціла

Госць: аўтар фільма, рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла.

У ваенным гарадку пад Мінскам жывуць дзед і ўнук. Падпалкоўнік авіяцыі ў адстаўцы, дзед узнагароджаны медалямі, жыве актыўна, удзельнічае ў грамадскім жыцці. Свята верыць у ідэалы савецкага мінулага, сумленна распавядае пра гэта моладзі. Унук пакінуў прафесію інжынера. Офісная праца не прыносіла яму ні зарплаты, ні задавальнення. Сёння ён спрабуе рэалізаваць мару — стварыць тэатр эратычнага танца. Дзядуля не гатовы мірыцца з памкненнямі ўнука і ўсяляк спрабуе вярнуць яго да стабільнага і паўсядзённага жыцця. Канфлікт пакаленняў становіцца роздумам пра супярэчнасці постсавецкай прасторы.

Пасля прагляду фільма запрашаем на сустрэчу з аўтарам стужкі Андрэем Куцілам.

1 СНЕЖНЯ, нядзеля

Пачатак: 17:00

«Атам» (Вялікабрытанія), рэж. Марк Казінс

Эксперыментальны дакументальны фільм пра ядзерную бомбу ў Хірасіме і яе спадчыне.

Кароткаметражны фільм «Атамныя салдаты» (Нідэрланды), рэж. Морган Кніб

Праз паўстагоддзя салдаты-атамшчыкі, якіх прымушалі маўчаць, дзеляцца сваімі шакавальнымі сведчаннямі. У фільме Моргана Кнібэ апошнія жывыя сведкі амерыканскіх ядзерных выпрабаванняў 1950-х гадоў апісваюць вопыт, які назаўжды змяніў іх жыццё.

Пасля прагляду фільмаў плануецца абмеркаванне і дыскусія.

БОНУС

«Не сыходзь, Малдова» (Беларусь), pеж. Аліна Коўшык, Ужуле-Фонс Сандра

Пачатак: 19:00

Малдова — краіна маштабнай працоўнай міграцыі. Працоўныя мігранты пераводзяць у краіну каля 1 млрд. даляраў ЗША ў год. Адзін мільён малдаван, гэта значыць траціна ўсяго насельніцтва Малдовы, пакінуць краіну да 2050 года. Дакументальны фільм паказвае настроі ў грамадстве падчас парламенцкіх выбараў у Малдове, што прайшлі ў лютым 2019 г.

Гісторыя пяці жанчын дае надзею на перамены знізу ў краіне, палова насельніцтва якой вымушана да эканамічнай эміграцыі. У выніку палітычнага крызісу адна з гераінь фільма, лідэрка кааліцыі «Acum» Майя Санд, цяпер займае пасаду прэм’ер-міністра Малдовы.

Пасля прагляду абмеркаваць фільм можна будзе з адной з яго стваральніц, са-рэжысёркай Алінай Коўшык.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024