Гродзенец Максім Гармаш збірае подпісы за забарону матацыклаў і квадрацыклаў у Грандзіцкім лесе. Ён адзначае, што на працягу апошніх двух гадоў тэхніка псуе веласіпедныя і пешаходныя маршруты ў прыроднай зоне, а таксама перашкаджае адпачывальнікам. Адміністратар арэнды квадрацыклаў Дзмітрый Малахвей лічыць, што Максіму няма чым заняцца і многія праблемы ў яго петыцыі надуманыя.

«Будзем біцца да канца»

Максім Гармаш стварыў пэтыцыю ў мясцовыя выканкамы, ДАІ і Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

«Я шмат катаюся на ровары ў гэтым лесе і бачу, як за апошнія 2−3 гады ўсё там памянялася, — адзначае Максім. — Прыроду губяць па-жывому. З’явіліся новыя сцяжынкі, а тыя, у якія ўкладзены амаль 1 млн еўра, ператвараюцца ў трактарныя каляіны. Немагчыма адпачыць, ганяюць там на хуткасці. Робяць сабе мотакрос і тым самым разбіваюць міжнародныя турыстычныя сцежкі, якія былі прызначаныя паводле праекту для пешаходаў і веласіпедыстаў. Матацыклісты ў лесе не патрэбныя. На заўвагі яны не рэагуюць, а калі рэагуюць, то агрэсіўна. У лесе яны ствараюць пагрозу пешаходам і веласіпедыстам. Мы будзем біцца да канца».

Максім адзначае, што Грандзіцкі лес — гэта зона з двума ахоўнымі зонамі. На экалагічны праект у лесапарку Пышкі і ў Грандзіцкім лесе з 2014 года было выдаткавана больш за 1 млн еўра.

https://www.youtube.com/watch?v=rEzNXQAwfwM&t=12s

«Нас пачынаюць змешваць з брудам»

Дзмітрый Малахвей працуе ў пракаце квадрацыклаў у Гродне больш за два гады. Сваю тэхніку ён здае ў арэнду ў Грандзіцкім лесе. Мужчына кажа, што ён не можа рабіць у лесе ўсё што яму ўздумаецца. Ёсць заканадаўства, якога ён прытрымліваецца.

«Мы катаемся па палявых дарогах, — кажа Дзмітрый. — Магчыма, мы дзесьці перасякаемся з веладарожкамі, але тэхніка ў нас не такая вялікая, каб там можна было штосьці псаваць, тым больш асфальт. У нас свае дарожкі. У лесе мы больш за два гады і я не скажу, што мы пасля сябе пакідаем нейкія вялікія сляды. Так, нешта ёсць, але не тое, што спрабуе паказаць аўтар петыцыі.

Нас проста пачынаюць змешваць з брудам. У мінулыя выхадныя хтосьці выклікаў ДАІ. А мы з імі ўжо даўно заключылі пагадненне і агаварылі ўсе моманты, дзе можна ездзіць, а дзе нельга. Няма прэтэнзій да нас і з боку лясгаса. Мы ж разумеем, што калі нешта будзем парушаць, то ў нас будуць праблемы. Мы турбуемся за свой бізнес, мы выконваем усе нормы, у нас ёсць інструктары і ніхто не ганяе. А хто ездзіў на відэа там на матацыклах, я не ведаю. Але відаць, што нейкія прафесіяналы. Магу сказаць, што яны катаюцца самі па сабе".

Канфлікт у Грандзіцкім лесе: гродзенец збірае подпісы за забарону матацыклаў і квадрацыклаў
Квадрацыклы Дзмітрыя
Дзмітрый таксама адзначыў, што са сваімі сябрамі і кліентамі ён рэгулярна парадкуе тэрыторыю, дзе здае ў арэнду квадрацыклы.

З 16 лістапада петыцыю Максіма Гармаша падпісалі 22 чалавекі. У сярэдзіне снежня яго зварот будзе накіраваны ў мясцовыя выканкамы,
ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]