Юбілейны канцэрт беларускамоўнага гурта: B:N з Бярозы пройдзе ў Гродне 22 лістапада. Музыкі абяцаюць выканаць для сяброў і прыхільнакаў найлепшыя хіты, а таксама раяць падрыхтавацца да прыемных сюрпрызаў. Адзін з іх тычыцца чытачоў Hrodna.life — нехта са шчасліўчыкаў можа атрымаць два білеты на канцэрт у падарунак.
За 20 гадоў творчасці гурт выпусціў некалькі альбомаў, каля дзясятка кліпаў і сінглаў. Першы поспех да «безназоўных» прыйшоў у 2002 годзе. Яны ўзялі прыз фестываля «Рок-Кола» за лепшую лірычную песню «Вось такую б…». У той самы год былі выдадзены дэма альбом «Праз сябе» і дэбютны альбом «Не трывай». Ад таго часу гурт быў частым удзельнікам музычных фэстаў Беларусі, Польшчы і Украіны, выступаў на «Басовішчы», «РОКавай Восені», «NO LOGO FEST», браў удзел у тэлефестывалі «На скрыжаваннях Еўропы».
Паводле Сяргея Будкіна з tuzinfm.by «B:N: — гурт, які перажыў усё: сындром першага альбому, крызіс сярэдняга ўзросту, поўную зьмену складу. На сёньня гэтыя музыкі хіба адзіныя зь беларускамоўнай плыні рок-гуртоў, утвораных на мяжы стагодзьдзяў, якія ня толькі дажылі да нашых дзён, але і здольныя сабраць на свой канцэрт 500−700 чалавек».
Зараз у складзе гурта выступаюць Алесь Лютыч — вакал, гітара, музыка; Зміцер Харытановіч — ударныя; Павал Яноўскі - гітара; Віталь Дмітрыевіч — бас; Даніла Лях — клавішы; Сяргей Машковіч — тэксты.
Самы свежы альбом: B:N «Шукай сваё» пабачыў свет у 2015 годзе.