Кампанія «Колабайк» плануе вясной 2020 запусціць у Гродне сваю сістэму пракату ровараў. Сэрвіс будзе працаваць праз мабільны дадатак.

Гэта будзе першы пракат такога тыпу ў Гродне. Дырэктар кампаніі Вадзім Осіпчык распавёў Hrodna.life, што яны пачнуць працу з 500 роварамі.

«Нядаўна мы тэставалі ровары ў Гродне і вясной плануем запусціць у вашым горадзе пракат. Мэр горада пракаціўся і ўхваліў. Наш велапракат гэта безстаянкавы шэрынг, ім можна будзе карыстацца з дапамогай мабільнага дадатка. Пачнем працу ў Гродне з 500 ровараў, пры патрэбе будзем дадаваць», — распавёў Вадзім Осіпчык.

Прыблізная цана пракату за 30 хвілін — 1 рубель.

«Колабайк» плануе ў 2020 адкрыць велапракат і ў Гомелі. У Мінску кампанія працуе з лета 2019 года, у верасні запусцілася ў Брэсце.

У студзені 2019 года ў Гродзенскім гарвыканкаме пачаліся перамовы з праектам «Hutka», створаным гродзенскім праграмістам Антонам Сямашкам. Тэставаць на той момант першы ў Беларусі аўтаматызаваны сэрвіс арэнды ровараў без станцыі пракату планавалі вясной, але гэта не адбылося. Праект «Hutka» не паспеў падрыхтаваць ровары, якія ствараліся на мінскім «Мотавелазаводзе».

Як карыстацца «Колабайк»?

Каб карыстацца роварамі трэба спампаваць дадатак. У ім трэба прывязаць банкаўскую карту. Таксама ў ім можна знайсці ровар на карце. На ровары трэба адсканаваць код на рулі або замку. Калі замок адкрыецца можна ехаць.

Ровар можна прыпаркаваць у любым месцы, галоўнае не забыцца зачыніць замок на ім.

Усе ровары адсочваюцца па GPS і мабільным інтэрнэце.

Пара рыхтавацца да вандалізму?

У Мінску пасля запуску «Колабайка» пачалася серыя крадзяжоў і псаванняў ровараў. Пракатныя ровары знаходзілі на дрэве, на брылі пад’езда і ў сметніку, іх завозілі ў Смалявічы і Стоўбцы, вандалы зафарбоўвалі QR-коды, якія трэба «счытваць» перад пачаткам паездкі. Адзін ровар школьнік утапіў у Свіслачы. У Брэсце зніклы ровар «Колабайк» знайшлі ў лесе са зрэзанымі дэталямі.

У Гродне былі падобныя выпадкі з пракатам самакатаў Samokato. Хуліган разбіў самакат і ўтапіў яго ў Нёмане.


У Гродне месяц працуе сістэма арэнды самакатаў: іх везлі і ў Скідзель, і ў Абухава, і ў Ваўкавыск

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]