Печнікі і камінары прыедуць у Гродзенскі раён на міжнародны фестываль печнікоў «Камінар-2019» для абмену вопытам і абмеркавання развіцця прафесій.

Ключавой падзеяй міжнароднага фестывалю, які пройдзе з 18 па 20 кастрычніка, стане трохдзённы семінар, на якім у якасці спікераў выступяць майстры пячнога рамяства і комінавай справы з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Эстоніі, Румыніі і Малдовы, піша belta.by.

«Сёння прафесія печніка і камінара застаецца актуальнай і запатрабаванай. Печы і каміны па-ранейшаму будуюцца і актыўна эксплуатуюцца. Зразумела, што патрэбныя і спецыялісты, якія змогуць іх правільна абслугоўваць. Пры гэтым прафесіі печніка і камінара таксама патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі, пастаяннага самаўдасканалення. На гэта, у прынцыпе, і накіраваны наш фестываль», — распавёў арганізатар фестывалю, пячнік з Гродна Дзяніс Бабіна.

Дзяніс Бабіна падкрэсліў, што на семінарах увага будзе нададзена адпрацоўцы практычных навыкаў, удасканаленні тэхнікі бяспекі, прэзентацыі сучасных матэрыялаў і інструментаў.

«Нямала ўвагі будзе нададзена і прававым пытанням. А таксама тэме правільнай арганізацыі бізнесу ў гэтай сферы, працы з заканадаўчай базай, якая рэгулюе нашу дзейнасць», — распавёў Дзяніс Бабіна.

Акрамя таго, у праграме фестывалю тэматычныя спаборніцтвы, майстар-класы па стварэнні печаў рознага прызначэння і функцыяналу. Вядомыя майстры раскажуць, як зрабіць з печы ці каміна твор мастацтва для любога памяшкання.

У Гродзенскім раёне пройдзе міжнародны фестываль печнікоў і камінараў


Камінар — добрая прыкмета. Першы ў Беларусі фестываль трубачыстаў прайшоў пад Гродна