У Гродне афіцыянт аднаго з рэстаранаў скраў больш як дванаццаць тысяч рублёў з сейфа па месцы працы. Грошы ён выдаткаваў на таксі з Гродна і адпачынак у Маскве, а калі яны скончыліся, вярнуўся дадому.
Як паведамілі ў міліцыі, замкі ўваходных дзвярэй і сам сейф не былі пашкоджаныя, так следчыя зразумелі, што ў злодзея былі ключы. Выявілася, адзін з афіцыянтаў ведаў, дзе ляжыць ключ ад дзвярэй офіса (у агульнадаступным месцы), непрыкметна яго ўзяў, трапіў у памяшканне і пасля крадзяжу вярнуў ключ на месца. Ключ ад сейфа жа проста ляжаў у шуфлядцы стала.
Хлопец ведаў, што грошай павінна быць дастаткова — вечарам у рэстаране было вяселле. Пасля крадзяжу ён выклікаў таксі да Мінска. Адтуль, змяніўшы перавозчыка, паехаў у Маскву. Выкрадзеных сродкаў хапіла на некалькі дзён адпачынку і дарагі мабільны тэлефон.
Вяртаўся дадому хлопец ужо на маршрутцы. Яго затрымалі на ўездзе ў Гродна.