Нягледзячы на абяцаньні працягнуць сёлета чарговы этап рэстаўрацыі з кансэрвацыяй руінаў Крэўскага замка, работы на мурах так і не аднавіліся. С**бода высьвятляла, чаму праект замарозілі.
Яшчэ на пачатку году кіраўнік аўтарскага нагляду Ўладзімер Сіняўскі запэўніваў, што з прыходам вясны будаўнікі прыступяць да аднаўленьня баявых галерэяў бліжэй да замкавай вежы, а таксама паўночна-ўсходняй часткі сьцяны, дзе ў 1920-х польскія рэстаўратары паставілі каменную «падпорку» — контрафорс. Усё гэта плянавалася зрабіць да канца 2019 году.
Аднак ні рыштаваньні, ні бытоўкі, ні самі будаўнікі на тэрыторыі так і не зьявіліся. Тым часам фартэцыя ХIV стагодзьдзя па ўсім неўмацаваным пэрымэтры імкліва асыпаецца.
Аднаўленьне паўночна-ўсходняга муру адкладзена
У Смаргонскім райвыканкаме, на балянсе якога знаходзіцца абʼект, С**бодзе сказалі, што сродкі на рамонт выдаткоўваюцца з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва, самастойна рэгіянальнаму бюджэту такіх выдаткаў не пацягнуць. Да таго ж мясцовыя ўлады маюць цяпер зусім іншыя клопаты — пасьпець управіцца з абласнымі «Дажынкамі»: часу ў абрэз, а ўвесь горад дагэтуль перакапаны.
Археалягічны нагляд у Крэве ажыцьцяўляе кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. Паводле яго, на гэты сэзон сродкаў на кансэрвацыйна-будаўнічыя работы ў замку ня выдзелена. Гэта мінус. А плюс, што прафінансаваны работы над праектам.
«Мясцовыя ўлады, як і ўсе мы, хацелі б бачыць аднаўленьне вежы і паўночнага муру, — адзначае гісторык. — А будаўнічы праект — рэч досыць дарагая. Так што ў гэтым сэнсе фінансаваньне кансэрвацыйных работ адбываецца. Спадзяюся, налета працягнем будаўнічыя і дасьледчыя работы».
У канцы мінулага году будаўнікі адрапартавалі пра заканчэньне чарговага этапу — кансэрвацыі паўночна-заходняй сьцяны. Гэтая частка захавалася лепей за іншыя, таму вырашана было пачаць менавіта зь яе.
Адноўленыя муры маюць амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягаюць да 10 мэтраў угору. Туды вярнулі аўтэнтычныя і сабраныя талакой камяні, прагаліны заклалі чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з Княскай вежай, закансэрваванай раней, сьцяну накрылі двухсхільным дахам. Сабралі інструмэнт і зьехалі.
Зрэшты, аўрал і жаданьне ўкласьціся ў рамкі каляндарнага году ў літаральным сэнсе вылезьлі бокам: з надыходам адлігі сёлета ў сакавіку абваліўся кавалак сьцяны, які будаўнікі выводзілі ў зімовыя маразы. Давялося вяртацца і перарабляць наноў.
Далучыць мясцовых жыхароў да вырабу цэглы
Дзеля справядлівасьці, адмыслоўцы зьвярталі ўвагу і на іншыя небясспрэчныя моманты. Напрыклад, на тое, што ў працэсе аднаўленьня выкарыстоўвалі камяні прыблізна аднаго памеру, а валуны пакідалі ў запас. Таму складаецца ўражаньне «акуратнага рамонту».
Або адносна таго, што ў рошчыну будаўнікі ўкладаюць фрагмэнты-«разынкі». Калі старыя дойліды забівалі каменныя кліны, каб ушчыльніць канструкцыю, то цяпер кладка выглядае збольшага як дэкаратыўная.
Ці яшчэ. Верхняя частка муроў выводзіцца чырвонай цэглай. У старажытнасьці яе выраблялі зь мясцовай гліны, цяперашняя выглядае занадта сучасна. Элемэнты «навадзелу» асабліва відаць на Княскай вежы: сэрыйная прадукцыя дысануе з аўтэнтычнымі парэшткамі.
Мясцовы майстар Сяргей Бандарэнка аднаўляе традыцыі ганчарства і ў выходныя гандлюе аўтарскімі сувэнірамі ў намёце ля замка. А ў астатні час на сваім надзеле ў суседняй вёсцы Чухны аднаўляе сярэднявечную канструкцыю ў прапорцыі 1:10. На яго перакананьне, да працэсу аднаўленьня арыгіналу варта было б далучыць тутэйшых жыхароў, у якіх патрэбныя здольнасьці «ў крыві».
«Для сваёй паменшанай копіі я выкарыстоўваю тую ж гліну, якая 700 гадоў таму ішла на пабудову Крэўскага замка, — кажа суразмоўца. — Дык вось выраб цэглы можна было даручыць мясцовым жыхарам: ніхто не адмовіўся б зарабіць, штампуючы яе ў формах проста на панадворках. Балазе мэханізм саматужнай вытворчасьці просты, не патрабуе адмысловых ведаў. І тады не было б падставы казаць пра надта прыкметныя элемэнты „навадзелу“».
У канцы 2018 году работы ледзь не спыніліся празь недахоп камянёў. Усё, што некалі вываліліся і было раскіданае побач, будаўнікі паднялі і вярнулі на месца, запасаў не засталося.
На ініцыятыву грамадзкасьці, найперш Глеба Лабадзенкі, быў абвешчаны збор валуноў і грошай на іх: за кароткі час камянёў прывезьлі столькі, што кампанію нават давялося згарнуць.
Экс-дырэктар прадпрыемства «Праектрэстаўрацыя» Ўладзімер Сіняўскі прызнаўся, што падчас папярэдняга этапу набыцьцё камянёў у каштарыс не закладалася, выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой. Таму на фінішы ў абʼёмы ня ўклаліся. На будучыню памылкі ўлічаць і рэгулярны падвоз матэрыялу будзе ўнесены ў працоўны плян.
Рэальная небясьпека страціць нават тое, што яшчэ засталося
На ўсю Эўропу Крэва праславілася ў 1385 годзе, калі тут была падпісаная дынастычная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Што да часу зьяўленьня замку, дасьледчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодзьдзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідзтва.
Замак страціў абарончае значэньне ў XIX стагодзьдзі і быў закінуты. Чорнай старонкай у ягоным лёсе стала Першая сусьветная вайна: паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне, расейская артылерыя біла менавіта туды, лік выпушчаных снарадаў вымяраўся мільёнамі. Да сёньня дайшлі нават ня сьцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам зьнішчаны. І калі тэрмінова ня ўзяцца за кансэрвацыю, ёсьць рызыка страціць нават тое, што яшчэ ёсьць — кожны дзень пад мурамі растуць кучы камянёў.
Першыя спробы ўратаваць замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, але закончыць задуманае не пасьпелі.
З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў пра кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, новыя ўладары першай справай узяліся разьбіраць сьцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы. Але нават аслабленыя муры не паддаліся. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасьці. Княскую вежу накрылі рубэройдам, але ад дажджу і сьнегу кволая канструкцыя не ратавала.
Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаваньне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. Агулам ужо ўкладзена каля паўмільёна даляраў, аднак нерэгулярнасьць траншаў пастаянна пасоўвае заплянаваныя тэрміны аднаўленьня і кансэрвацыі.