Без вестак зніклыя падлеткі, 15-гадовая Дзіяна Кавалёва і 17-гадовы Яўген Рукша, зноў знойдзеныя. Яны ўжо тройчы ўцякалі з дома. У першы раз патлумачылі, што збіраліся чакаць паўналецця Дыяны ў лясах, у другі — бо «проста так атрымалася».
Як паведамілі ў МУС, падлеткаў знайшлі ўчора, 13 кастрычніка. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Гродзенскага РАУС выявілі іх у лесе паблізу хутара ля ж/д станцыі Жытомля ў Гродзенскім раёне. Інфармацыя паступіла ад гаспадара закінутага дома, жыхара г. Гродна. Мужчына распавёў, што мясцовыя бачылі двух падлеткаў, якія маглі знаходзіцца менавіта ў яго нежылым доме.
Міліцыя абследавала закінуты будынак. Пазней зніклых знайшлі з дапамогай службовага сабакі ў кіламетры ад дома ў лесе. Цэлымі і здаровымі падлеткі перададзены бацькам.
У першым выпадку іх знайшлі ў лясным масіве паблізу вёскі Магіляны, у другім — каля аграгарадка Алекшыцы Бераставіцкага раёна.