Падчас збору подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання масавых парушэнняў не выяўлена. Пра гэта БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў.

Збор подпісаў ідзе з 8 верасня. Гэты этап парламенцкай кампаніі, паводле ацэнак ЦВК, праходзіць дастаткова арганізавана, выконваецца Выбарчы кодэкс. “Ёсць асобныя парушэнні, але я б не казаў, што яны з’яўляюцца масавымі”, – адзначыў Вадзім Іпатаў. Ініцыятыўным групам і канкрэтным вылучэнцам абвешчана каля 30 папярэджанняў. “Пікетаванне, якое вядзецца сёння, мае толькі адну мэту – збор подпісаў. Парушэнні, па якім вынесены папярэджанні, звязаныя з тым, што пікеты выходзяць за гэтыя рамкі”, – растлумачыў намеснік старшыні ЦВК.

Ён заклікаў удзельнікаў выбарчай кампаніі выконваць заканадаўства, паколькі пры паўторных парушэннях вылучэнец можа быць не зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

Па дадзеных на 4 кастрычніка, кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання высунуліся 283 чалавекі. Усяго ў выбарчыя камісіі да гэтага часу паступіла 340 камплектаў дакументаў ад удзельнікаў выбарчай гонкі.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты завяршаецца 7 кастрычніка. Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі – на 7 лістапада.