Юлія Мінчанка, званарка Свята-Пакроўскага сабору, дырыжорка царкоўнага хору. Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дзяцінства маё прайшло ў Полацку, у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. У 90-х толькі пачалі аддаваць храмы вернікам і туды прыехалі першыя манашкі з Жыровічаў. Там я ўпершыню паднялася на званіцу, манахіня ішла званіць і ўзяла мяне з сабой. Я адразу зразумела, што гэта — маё. Вабіў незвычайны перазвон, а цяга да музыкі ў мяне ад сям'і, з пялюшак. Так я пачала вучыцца. Хутка атрымала дыплом званара.

Юлія Мінчанка: "Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы"

Калі ў 2004 прыехала ў Гродна і паступіла на факультэт мастацтваў, мяне ўзялі ў капэлу. Там многія артысты спявалі ў Каложы або ў саборы, і мяне таксама запрасілі. А потым выявілася, што тут няма званара. Я прыйшла знаёміцца: такая дзяўчынка маленькая, худзенькая і - званар. Ну, палезла на званіцу і паказала, што ўмею. З таго часу і званю. Зараз сюды прыводзяць усіх важных гасцей горада. Паказваюць горад і мяне. «Гэта — Гродна, а гэта — Юля, яна званар».

Пакуль вучылася ва ўніверсітэце, мае навуковыя працы і дыплом былі пра гродзенскія званы. Зараз тыя веды спатрэбілася ў працы экскурсавода сабора. Тыя, хто думаюць, што сярод званароў мала жанчын, памыляюцца. Нават у Гродне ў многіх храмах звоняць жанчыны. Вядома, праца фізічная, цяжкая. Гэта летам на званіцы добра. А вось восенню ці ўзімку — не так проста працаваць на адкрытай прасторы, пад усімі вятрамі. Затое з’явілася і цярплівасць, і вытрымка, і загартоўка. Я нават амаль не хварэю, калі толькі сын прастуду прынясе, магу заразіцца.

Юлія Мінчанка: "Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы"

У кожнага чалавека ёсць асабістае меркаванне, а ў мяне яшчэ і погляд са сваёй званіцы. Я шмат чаго бачу, што трэба ў горадзе паправіць. Вось на вакзале, на прыпынку расклад стаіць на зямлі, прыхілены да слупа. Прыгінацца, каб яго прачытаць трэба, ці што? Або дарога разбітая, урны пасля выхадных перапоўненыя. Я бы многае хацела зрабіць для нашага горада, каб ён быў яшчэ лепшы і прыгажэйшы. Хоць ты ў дэпутаты падавайся. А што? Калі ва ўніверы вучылася, кіравала жаночай радай факультэта. Вось сын падрасце і зноў вярнуся да грамадскай працы.

Юлія Мінчанка: "Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы"


Валянціна Шоба: «Я — «прынцэса ў вежы» і не трэба мяне вызваляць


Алена Шчасная: «Я — архітэктар па жыцці»


Наста Яроцкая: «Я — галоўная гераіня свайго кіно»


Наста Трафімчык: «Я магу бегчы, то чаму б не ультрамарафон?»


Анжаліка Борыс: «Я дамаўляюся на парытэтах. Інакш — не саступлю»


Вольга Вялічка: «За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму»


Вольга Гаўрылік: «Я — пчолка, што шукае нектар, але ўмее джаліць»

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]