Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Чалавек не заўжды можа ўсведамляць свае сілы, разумець, на што здольны. Асабліва ў цяжкіх сітуацыях, бо ў лёгкіх ты гэтага проста не адчуеш.
Я педагог і займалася навучаннем дзяцей. Працавала настаўніцай у школе з польскай мовай навучання і была кіраўнічкай аддзела адукацыі Саюза палякаў. Думала, што можна жыць па-за палітыкай. Бо што тут такога? Я толькі вучу і арганізоўваю культурныя імпрэзы. Астатняе мяне не тычыцца.
У 2005 я атрымала прапанову балатавацца на пазіцыю старшыні Саюза палякаў Беларусі. За мяне прагаласавалі, але ўлады не прызналі выбараў. І раптам я трапіла ў эпіцэнтр вялікай палітыкі - пачаўся ціск.
Я была зусім не падрыхтаванай да такога павароту падзей. Аднойчы ўначы атрымала смс-ку, што мяне чакае лёс Ганчара і Завадскага, калі не супакоюся. Я тады нават не зразумела, пра што ідзе гаворка, я проста не ведала, хто гэтыя людзі і што з імі сталася, настолькі далёкай была ад палітыкі.
У гэтым была мая памылка. Кожны чалавек мае быць палітычна адукаваным, каб намі не маглі маніпуляваць.
Мяркую, што палітыка — шляхетная справа, якая павінна служыць людзям. А ў нас кажуць — толькі, барані Божа, не лезь у палітыку. Так не атрымаецца. Палітыка кожны дзень вакол нас. Усё жыццё — гэта палітыка, мы ад гэтага не адыдзем.
Напэўна, магу сказаць адно. Калі б мне прыйшлося паўтарыць сітуацыю 2005-га, то я б не была такою лагоднаю. Я думала, што калі чагосьці не скажу, дзесьці прамаўчу, то адвяду ўдар. Не. Калі пакажаш слабасць, удар будзе яшчэ мацнейшы. Мая памылка, што я была вельмі лагодная.
Калі зараз на мяне хтосьці цісне ці спрабуе шантажаваць, атрымлівае ў адказ адэкватную рэакцыю. Са мною можна дамаўляцца, але на парытэтах, не з пазіцыі сілы. Інакш я не саступлю.