Наста Яроцкая — супрацоўніца ІТ-кампаніі, блогерка, лідарка меркаванняў. Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У Гродне я нарадзілася і вырасла. Кожнае лета скакала ў двары праз рызінку па 24 гадзіны на суткі. Бацькі шмат працавалі, і на тэатры і кіно часу бракавала. Напэўна, зараз я тое кампенсую і выходжу «ў горад» вельмі часта, ведаю ўсе новыя кавярні і цікавыя месцы.

Наста Яроцкая: "Я - галоўная гераіня свайго кіно"

Не лічу сябе блогерам, бо пішу толькі тое, што сама хачу. Сацыяльныя сеткі для мяне — свабода і магчымасць не залежаць ад колькасці пастоў, фаловераў і лайкаў. Гэта мой вольны час, які я хачу пражываць ідэальна.

Актыўная жыццёвая пазіцыя не залежыць ад таго, жанчына ты ці мужчына. Асабіста я — чалавек захоплены. Калі мне штосьці падабаецца, я так і пішу. Калі мяне стала чытаць шмат людзей, я зразумела, што магу выкарыстоўваць гэта на карысць. На маіх старонках з’яўляюцца і сацыяльныя пасты, і просьбы аб дапамозе. А вось платныя акцыі я не падтрымліваю. Фінансавую незалежнасць мне забяспечвае праца. Я не маю патрэбы ў заробку, які не па душы.

Наста Яроцкая: "Я - галоўная гераіня свайго кіно"

Я адчуваю сябе стоадсоткавай жанчынай. Па-першае, таму што я — мама і маю быць натхняльніцай для сваёй дачкі. Мне важна добра выглядаць, хоць мне і не ўдзёўбвалі культ прыгажосці ў дзяцінстве. Напэўна, гэта ад падлеткавых комплексаў. Калі няскладнае шчанятка ператварылася ў асобу, я адчула ўпэўненасць у сабе і захацела гэта пачуццё ўтрымаць. Ад іншых я такога не патрабую. Кожны можа жыць, як лічыць патрэбным.

Наста Яроцкая: "Я - галоўная гераіня свайго кіно"

У маёй мамы заўсёды была ідэальная чысціня ў доме. А я магу дазволіць сабе адкласці прыборку, калі стамілася ці проста не хачу. Я навучылася дазваляць сабе часам ленавацца. Магу з поўным кайфам правесці дзень у начнушцы, есці пры тэлевізары ці завісаць у тэлефоне.

Наста Яроцкая: "Я - галоўная гераіня свайго кіно"

Няма правільнага і няправільнага. Усё вельмі адносна.

Кожны чалавек — гэта цэнтр сусвету. Кожнае жыццё — як кіно. У маім фільме я — галоўная гераіня. Калі мне сябе шкада, я думаю: «У галоўнай гераіні цяжкія часы. Чорт, цікава, як яна з гэтай сітуацыі выблытаецца? Што там далей? Дзе папкорн?»


Алена Шчасная: «Я — архітэктар па жыцці»


Валянціна Шоба: «Я — «прынцэса ў вежы» і не трэба мяне вызваляць


Наста Трафімчык: «Я магу бегчы, то чаму б не ультрамарафон?»


Анжаліка Борыс: «Я дамаўляюся на парытэтах. Інакш — не саступлю»


Вольга Вялічка: «За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму»


Юлія Мінчанка: «Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы»


Вольга Гаўрылік: «Я — пчолка, што шукае нектар, але ўмее джаліць»


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]