Скульптуру “Хлебнае дрэва” адкрылі 19 верасня на вуліцы Дзяржынскага ў Гродне. Помнік прымеркаваны да 80-годдзя “Гроднахлебпрама”.
Аўтарамі скульптуры з’яўляюцца гродзенскія майстры Юрась Мацко і Генадзь Бергер.
«”Хлебнаt дрэва” – гэта знак павагі хлебаробам, рукамі якіх робіцца гэты святы прадукт, – распавядае генеральны дырэктар “Гроднахлебпрама” Віктар Леановіч. – Гэта даніна павагі працаўнікам палёў, якія вырасцілі і прыбралі ўраджай. Гэта даніна нашым перапрацоўшчыкам, якія зрабілі муку. І гэта, вядома ж, павага нашым хлебапёкам.
Па словах Леановіча, “Хлебнае дрэва” – гэта сімвал дастатку і дабрабыту. Ён упэўнены, што ў гродзенцаў з’явіцца добрая традыцыя, калі маладыя ў першы дзень свайго сумеснага жыцця будуць прыязджаць да скульптуры па станоўчую энергію і настрой на доўгія гады сумеснага жыцця.
“І яшчэ “Хлебнае дрэва” гэта падарунак “Гроднахлебпрама” гродзенцам і гасцям. Сюды можна заўсёды прыйсці, адпачыць і загадаць жаданне. І яно абавязкова спраўдзіцца”, – сказаў гендырэктар.

Сёння “Гроднахлебпрам” з’яўляецца асноўным вытворцам хлебабулачных вырабаў у Гродзенскай вобласці. Кожны дзень тут выпякаюць парадку 54 тон хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, асартымент якіх пастаянна пашыраецца.
Святкаванні 80-годдзя прадпрыемства працягнуцца 20 верасня ў моладзевым цэнтры “Гродна”. Там адбудзецца рэспубліканскі конкурс кандытараў, будзе працаваць хлебны кірмаш з майстар-класамі і дэгустацыямі.










