У Гродне майстар Аляксандр Семянчук зварыў з металу матацыкл, на якім можна гатаваць шашлыкі. Сваю працу ён паказаў «АвтоГродно».
— Мне стала цікава, ці змагу я выканаць падобную працу з металу. Рабіў для сябе, працаваў у вольны час на працягу месяца. Тут каля тыдня чыстага часу, — распавядае Аляксандр.
Сам мангал выкананы ў выглядзе паліўнага бака, афарбаванага тэрмаўстойлівай фарбай. Аляксандр кажа, што фарба вытрымлівае тэмпературу да 1 000 градусаў па Цэльсію.
— Вы цалкам самі прыдумалі матацыкл? — пытаецца «АвтоГродно» ў майстра.
— Я бачыў фатаграфію падобнага матацыкла ў інтэрнэце. Рабіў па яго вобразу. Але ўсе прапорцыі прадумаў асабіста. У яго памеры сапраўднага матацыкла, важыць каля 100 кілаграм, — кажа Аляксандр.
www.instagram.com/p/B0X2V58IpcD/?utm_source=ig_embed
Матацыкл можна разбіраць на часткі і так перавозіць. Але месца для яго ўстаноўкі яшчэ не прыдумалі.
— У некаторых дварах шматпавярховак у Гродне жыхары усталёўваюць мангалы. Ці не выключаеце, што ў вас могуць зрабіць замову?
— Не надта ў гэта веру. Мне здаецца, што цяпер такі час, калі ўсе шукаюць бюджэтныя рашэнні, — кажа майстар.