У Гродне з 16 па 22 верасня пройдзе Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (ЕТМ). Гэта штогадовая міжнародная кампанія, нацэленая на «азеляненне» гарадскіх транспартных сістэм, змену транспартных паводзін людзей і больш разумнае выкарыстанне грамадскіх прастор. «ВелаГродна» запрашае паўдзельнічаць жыхароў горада, бізнес, СМІ, установы і дзяржарганізацыі.

Усё, што робіцца на працягу тыдня, павінна нагадаць пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і падштурхнуць людзей да выкарыстання альтэрнатыўных спосабаў перамяшчэння (грамадскага транспарту, ровараў, электрамабіляў і інш.). Традыцыйна ЕТМ завяршаецца Днём без аўтамабіля 22 верасня.

Дэвізам ЕТМ 2019 года стаў заклік «Ідзі з намі!» («Walk with us!»), а тэма прысвечана бяспечным пешым і веласіпедным шпацырам («Safe walking and cycling») з акцэнтам на актыўнае развіццё пешаходнага руху ў гарадскім асяроддзі.

Як прыняць удзел?

  • змяніць любімы аўтамабіль на іншы транспарт;
  • правесці веласіпедны дзень/вечар з сям’ёй;
  • прапанаваць зніжкі або падарункі раварыстам у вашым кафэ, краме, пракаце;
  • арганізаваць веласіпедную пакатушку з калегамі, конкурсы, спаборніцтвы;
  • арганізаваць велаквэст у сваёй школе, каледжы, ВНУ або супольную пакатушку;
  • арганізаваць семінар, лекцыю, майстар-клас, канферэнцыю і г. д. з удзелам розных узроставых групаў насельніцтва, накіраваныя на папулярызацыю агульнага гарадскога пасажырскага транспарту, транспартных сродкаў без матораў, пешаходных шпацыраў, здаровага ладу жыцця і захаванне экалогіі муніцыпальных утварэнняў;

Каляндар падзей будзе размешчаны на сайце «ВелаГродна» і ў сацыяльных сетках. Можна паведаміць на [email protected] пра свае планы па правядзенні ЕНМ 2019, і іх уключаць у агульны каляндар мерапрыемстваў.


Для бяспечных пешаходных шпацыраў па горадзе і веласіпедных паездак важныя пастаянныя меры ад мясцовых уладаў. Гэта:

  • уладкаванне і будаўніцтва пешаходных зон, у тым ліку з улікам выгоды для людзей з інваліднасцю,
  • інтэграцыя пешаходных зон з грамадскім транспартам і роварнай інфраструктурай для камбінавання роварных і пешых прагулак,
  • інфармаванне аб перавазе перамяшчэння пешшу, маніторынг выкарыстання тратуарнай сеткі,
  • павышэнне якасці абслугоўвання пешаходнай інфраструктуры.

Арганізатар Еўрапейскага тыдня мабільнасці пры садзейнічанні Генеральнай Дырэкцыі Еўрапейскай камісіі па пытаннях мабільнасці і транспарту — асацыяцыя «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці» («The European Mobility Week Campaign»).

У 2018 г. у ЕТМ удзельнічала 54 краіны свету, да акцыі далучыўся 2701 горад. У нашай краіне да акцыі далучыліся 68 гарадоў. У 2017 годзе беларускіх гарадоў-удзельнікаў было 48, у 2016 — 19, а ў 2015 — усяго 3.

У мінулым годзе ў рамках ЕТМ «ВелаГродна» правяло акцыю па раздачы садавіны раварыстам, якія едуць на працу, і велашпацыр «Ледзі на веласіпедзе».