Самая рэзанансная гісторыя апошніх дзён — абвінавачванні на адрас міліцыі ў збіцці 36-гадовага гродзенца Дзяніса Лук’янава, бацькі траіх дзяцей, які быў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення. 20 ліпеня ён наведаў аўтафестываль SunDay.
У гродзенскім тэлеграм-канале «Злівы» з’явілася відэа, на якім, як мяркуецца, аголены Дзяніс Лук’янаў качаецца перад сцэнай, піша n*.by.
Ёсць дзве версіі наконт таго, што адбывалася далей.
Стрыечная сястра Дзяніса расказвае, што па дарозе ў выцвярэзнік АМАП вывеў Лук’янава ў лесе і «адпрацоўваў на ім удары» па нагах, але слядоў ад гэтага не засталося. У выніку, кажа сястра, праз два тыдні ён трапіў у бальніцу з адміраннем цягліц на назе і цяпер у крытычным стане ляжыць у рэанімацыі — у яго пакрысе адміраюць мяккія тканіны.
Міліцыя пераконвае, што ў размове з работнікамі Упраўлення ўласнай бяспекі МУС Дзяніс патлумачыў: траўму атрымаў праз 11 дзён пасля фестывалю праз «неасцярожнасць у стане алкагольнага ап’янення», а з АМАПаўцамі ён увогуле справаў ніякіх не меў.
Праваахоўнікі таксама апублікавалі відэа, як на наступны дзень пасля затрымання Дзяніс упэўненай хадой выходзіць з выцвярэзніка.
Жонка Дзяніса, Юлія, якая падпісала ліст са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў АМАП у Пракуратуру і СК, адмаўляецца штосьці тлумачыць.
«Я не каментую сітуацыю, а ўсё, што ведаю, расказала следчаму», — сказала яна карэспандэнту «Нашай Н**ы».
Медыкі, якія прачыталі апісанне пашкоджанняў Дзяніса — некроз цягліцаў і заражэнне крыві, — выказалі здагадку, што размова можа ісці пра так званы «сіндром працяглага сціскання»
Больш дэталёва пра сіндром «Нашай Н**е» расказаў кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры дзіцячай рэаніматалогіі і анэстэзіялогіі БелМАПА Леанід Міронаў. Ён мае больш чым 40-гадовы досвед працы ў таксікалогіі: спачатку ў аддзяленні таксікалогіі Бальніцы хуткай дапамогі Мінска, а пасля ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю.
Улакладнім, што ён расказваў пра сіндром сціскання ў цэлым, безадносна канкрэтнай гісторыі Дзяніса Лук’янава.
«Існуе сіндром пазіцыйнага сціскання — гэта калі чалавек доўгі час — больш за чатыры гадзіны, — ляжыць у адным становішчы і на нейкія канцавіны ці ўчасткі цісне вага ўсяго цела.
Праз 5—6 гадзін парушаецца крываток і, пасля таго, як чалавек прачнуўся ці яго перавярнулі, у тым месцы пачынае развівацца ацёк, а ў закранутых цягліцах — некроз. Прадукты распаду трапляюць у кроў і, у першую чаргу, паражаюцца ныркі. Гэта ў агульных рысах. На сваёй практыцы я асабіста бачыў некалькі сотняў такіх пацыентаў", — расказвае доктар.
«Па маім досведзе, асноўная прычына такіх сітуацый — алкаголь і яго сурагаты. Людзі перабралі — і іх адключыла. Ну і бывае іншае, што цягне страту прытомнасці — парушэнне мазгавога крыватоку, напрыклад.
На мяккім ложку такое рэдка бывае. У асноўным гэта на жорсткай паверхні: зямля, асфальт, падлога. Чалавек лёг, а рука пад ім, або ў выпадковай позе ўпаў — нага пад ім, нязручнае становішча.
У мяне быў пацыент, які седзячы на падлозе ля батарэі праспаў ноч п’яны і атрымаў некроз ягадзічных цягліц. Кашмарнае відовішча…
Увогуле, арганізм патрабуе, каб мы перыядычна пераварочваліся ў сне — каб крываток у тых частках цела, якія мы ціснем сваёй масай, аднавіўся. І мы круцімся ў ложку ноччу, нават не адчуваючы таго. А чалавек у каматозным стане, канечне, такога не робіць. Пасля прабуджэння чалавек адчувае нешта не тое — пачынае ацякаць пашкоджаная частка цела, за кошт гэтага і заціскання нервовых слупоў пазней узнікае боль, канцавіны адмаўляюцца працаваць".
Якая дапамога аказваецца такім людзям?
«Ой, гэта вельмі цяжкая паталогія. Наша задача тут нават не ратаваць цягліцы ў першую чаргу, а папярэдзіць пашкоджанні нырак. З тканак жа вымываецца міяглабін — гэта злучэнне, якое нагадвае гемаглабін, але знаходзіцца ў цягліцах. Трапляючы ў крываток, ён з’яўляецца моцным акісляльнікам, шкодзіць клеткам. А ў нырках ён выклікае блакаду ныркавых канальцаў — яны перастаюць выдзяляць мачу.
Такія людзі ў асноўным трапляюць у рэанімацыю. Ім патрабуецца інтэнсіўная тэрапія, заліваюцца вялікія аб’ёмы раствораў. Калі расціснуць падчас каматознага сна сваю ногу, то ў ёй пачынае развівацца ацёк, і ў гэтай назе збіраецца да 10 літраў вады! А аб’ём крыві ўсяго 5—6 літраў. У такога чалавека агромністы дэфіцыт вадкасці".
Паводле доктара, на ягонай практыкі выратаваць не атрымлівалася прыкладна кожнага дзясятага.
«Але пасля таго, як паправіўся, у іх рукі-ногі ўжо атрафіраваныя. Гэта проста косткі, абцягнутыя скурай, а не функцыянальная канцавіна. А бывае і так, што шкодзяць не цягліцы, а толькі нерв. Напрыклад, рука лягла на нешта цвёрдае і вострае — спінку стула. Цягліцы не пацерпяць, а нерв за гэты час адамрэ і рука перастане працаваць», — падсумаваў ён.
Калі у Лук’янава дыягнаставаны менавіта гэты сіндром, застаецца незразумелым, пры якіх абставінах ён мог атрымаць яго праз некалькі дзён пасля вызвалення — праясніць гэтае пытанне можа або ён сам, або людзі, якія былі побач з ім у дні перад дыягнаставаннем траўмы. Але яны маўчаць.
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…