З сярэдзіны жніўня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб продажы кафэ-бара “Lemon” на Віленскай, 1. Месца пасля рэбрэндынгу толькі адкрылася ў ліпені, а ўжо прадаецца.
У бары распавялі Hrodna.life, што бізнес прадаецца па сямейных прычынах – уладальнікі пераязджаюць у іншую краіну.
Раней на месцы бара “Lemon” было дзіцячае кафэ “Какоша”, да гэтага быў фастфуд “Калабкі”. Самай папулярнай установай у гэтым месцы быў бар “Віленскі”. Ён вядомы з пачатку 1990-х і быў доўгі час ледзь не адзіным месцам у Гродна, падобным да бара або паба ў еўрапейскім разуменні гэтага слова.
У сярэдзіне 2000-х папулярнасць бару прыносілі не толькі вельмі вялікая летняя пляцоўка, але і рэгулярныя канцэрты жывой музыкі на свежым паветры. Гэта цяпер перад будынкам па вул. Віленскай, 1 – аўтастаянка, а тады парковачных месцаў было ў два разы менш і вольнае месца займалі столікі “Віленскага”.


