Людзі і справы

«Нават сабака адзін на ўсіх». Мастачка з Гродна падрыхтавала выставу пра італьянскую вёску і яе жыхароў

Пазнаёміцца з жыхарамі маленькага італьянскага мястэчка Афена прапануе гродзенцам мастачка Влада Шамава. Яна нарадзілася і вырасла ў Гродне, а зараз жыве ў Празе. У італьянкай вёсачцы дзяўчына праводзіла адпачынак. Краявіды і жыхары Афены натхнілі яе на мастацкі праект «Італьянскія гісторыі. Акварэль». Праект складаецца з малюнкаў дамоў і фотаздымкаў іх жыхароў. Вернісаж выставы пройдзе ў Вялікай Харальнай сінагозе 15 жніўня. Для Hrodna.life Влада распавяла аб працы над праектам.

«Збіралася проста маляваць»

«Мы з мужам знайшлі домік у арэнду праз інтэрнэт і паехалі ў Італію. Звычайная праца мастака — гэта не толькі фарбы і пэнзлі. Шмат часу і высілкаў займаюць і пошук замоваў, і спробы прадаць гатовыя працы. У адпачынку я хацела проста маляваць».

У Афене, дзе пасялілася мастачка, жыве каля 400 чалавек. Амаль усе яны — сталыя людзі. Моладзь з’ехала з вёскі ў вялікія гарады. З культурных аб’ектаў там — школа, крама і мэрыя. Праўда, і школа, і крама, большасць часу былі зачыненыя. Школа — таму што канікулы, а крама — таму што можна ў любы час зайсці да прадавачкі і папрасіць адкрыць. Гэта нікога не напружвае — усе ўсіх ведаюць.

Нават сабака ў вёсцы быў агульны. Ён называўся Нувала — значыць «воблака». «Такі белы, пухнаты, сяброўскі. Яго ўся вуліца карміла і ніхто не крыўдзіў. Са мной Нувала хадзіў на пленэры. Калі мы прыехалі, ён сустракаў нас каля дома, нібы ведаў і даўно чакаў».

«Захацелася зрабіць ім падарунак»

Новыя людзі ў вёсцы застаюцца незнаёмымі нядоўга. Мясцовыя, пабачыўшы мастачку за працай, падыходзілі цікавіцца малюнкамі.

«Потым ідзеш па вёсцы: усе яшчэ здалёк вітаюцца, падыходзяць пагаварыць. Ці машына едзе, сігналіць — думаеш, што здарылася? А там пытаюцца: як справы, як жыццё. Значыць, мы ўжо знаёмыя».

«Там усе дамы такія, што немагчыма было не маляваць. Не трэба было хадзіць і вышукваць — толькі выбірай. Тут каля дома цікавы парасон. Тут зручна прысесці ў цяньку, бо на сонцы доўга не папрацуеш. Тут — цікавы рэльеф, а тут гаспадар за рагом дома цэлы дзень грае на гітары».

Побач з вёсачкай была ферма з каровамі, дзе заўжды можна было набыць свежае малако, мацарэлу ці рыкоту. Гаспадара фермы звалі Дзіно. Влада называла яго пра сябе «Дыназаўрам» — так лягчэй было запомніць імя. «Ён вельмі добры. Пастаянна меў для нас нейкія пачастункі - то малако, то сыр, то нейкі дэсерт прынясе пакаштаваць.

Адна бабулечка неяк прынесла нам шакалад. Прыйшла, амаль без словаў аддала і хуценька сышла. Увесь час суседзі запрашалі на каву. Я не магу піць такую моцную, як яны гатуюць, і казала — ці можна проста панюхаць. Яны згаджаліся і прыносілі філіжанку, каб я працавала ў водары кавы».

«Мне так спадабалася ўвесь час атрымоўваць падарункі, што захацелася таксама зрабіць падарунак жыхарам вёскі. Вырашыла, раз у мяне адпачынак — буду тварыць дабро проста так: зраблю выставу і падару ім малюнкі. Таксама паабяцала паказаць выставу ў Гродне і ў Празе, а потым у іншых краінах, каб пра цудоўных жыхароў Афены даведаўся свет».

За маляваннем Влада пазнаёмілася і з суседам Фурыа. Ён прапанаваў павазіць па акрузе, паказаць мясцовасць. «Ён там усіх ведаў і мяне з усімі знаёміў. Таксама дапамог арганізаваць выставу. Прыйшлі з ім разам да мэра і дамовіліся паказаць малюнкі жыхарам».

«Яны смяюцца вачыма, нават калі скардзяцца на жыццё»

Самым складаным было ўгаварыць вяскоўцаў сфатаграфавацца. «Спачатку многія бянтэжыліся і адмаўляліся. Асабліва жанчыны. Казалі, што яны то надта старыя для фота, то не надта прыгожыя, то ні пры парадзе. Але са мною быў Фурыа і яго абаянне дапамагло. Потым яшчэ некалькі дзён хадзіла па вёсцы і запрашала ўсіх наведаць выставу. Для іх гэта была падзея, да каторай трэба рыхтавацца. Значыць — як мінімум пакінуць на некалькі гадзін хатнюю працу і заранёў прыгатаваць вячэру».

Гэтага мужчыну завуць Фелічэ. Гэта значыць – шчаслівы і гэта яго сапраўднае імя. Ён расказваў, што раней жыў у вялікіх гарадах і шыў касцюмы нават для прэзідэнтаў. Як перастаў працаваць, вярнуўся на радзіму. Зараз жыве ў маленькай Афене і вядзе простае звычайнае жыццёmore
Алене 92 гады. На выставу яе прывялі за руку, бо яна саромелася ісці.”Такая маленькая яна аказалася, раней не заўважала гэтага, бо заўжды сядзела, калі яна падыходзіла. Калі прыйшла фатаграфавацца, я нават здзівілася. Алена заўжды ўсміхаецца, заўжды шчаслівая.”more

У сваіх клопатах пра дом італьянскія сталыя жанчыны нагадалі Владзе беларускіх. Толькі нашы ўвесь час нешта вяжуць, а тыя — прыбіраюць у хаце ці каля дома. «Але паміж імі ёсць і вялікае адрозненне. Італьянскія бабулечкі нават калі скардзяцца, што „Італія ўжо не тая“, усё роўна вачамі ўсміхаюцца. Нашых вясковых жанчын вылучае сумная мудрасць у вачах».

Пра гэту «сумную мудрасць» Влада таксама рабіла фотапраект, яшчэ калі была студэнткай.

«Мне вельмі падабаюцца сталыя людзі. З імі заўжды цікава. Зараз я працую больш з дарослымі і падлеткамі, але бачу, як падобна да дзяцей бачаць свет сталыя. Што да жыхароў Афены, яны падаліся мне вельмі мілымі. Многім ужо за 70, а яны да гэтага часу пішуць мне ў фэйсбуку розныя прыемныя рэчы. Гэта кранае».

Наступныя гісторыі будуць з Гродна

Зараз Влада прыглядаецца да старых домікаў Гродна і іх жыхароў. Мастачка мяркуе зрабіць падобную выставу пра свой горад, каб наступным разам паказаць яе італьянскім сябрам у Афене.

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024