На мінулым тыдні добра знаёмы гродзенцам танк Т-34-85 на Савецкай плошчы пачалі рэстаўраваць і прыводзіць у парадак да Дня горада. Калі рабочыя адчынілі завараны больш за паўстагоддзі таму люк, там выявілі шкляную бутэльку. Усярэдзіне – дзве цыдулкі, датаваныя 4 лістапада 1967 года, з «прывітаннямі з мінулага» ад двух вайскоўцаў – хутчэй за ўсё, салдат тэрміновай службы.

Адна з запісак нават падпісана «сынам Узбекістана» нейкім Чори Эшбоевым, піша grodnoplustv.by. На цыдулках указана воінская часць 12324, павярхоўны пошук у інтэрнэце не даў інфармацыі аб гэтай частцы. Але спецыялісты маюць намер даведацца ісціну.

– Цяпер рыхтуецца ліст, будзе адпраўлена ў амбасаду Узбекістана, каб аказалі нам садзейнічанне ў пошуку гэтага шэрагоўца. Спадзяемся, што ён будзе жывы, цэлы і здаровы, і мы будзем вельмі рады бачыць яго на святкаванні Дня горда Гродна 13-14 верасня, – расказаў Сяргей Сямашка, намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ.

Раней дата устаноўкі гэтага танка на Савецкай была расплывістая – канец шасцідзесятых, цяпер, верагодна, гэтыя запіскі ўнясуць пэўныя карэктывы ў гісторыю горада. Яны будуць перададзены гісторыкам для больш дэталёвага вывучэння. Хутчэй за ўсё, запіскі патрапілі ўнутр танка ў самы апошні момант перад тым, як люк быў завараны – так парыў двух салдат стаў сапраўднай капсулай часу.