У Вільні спадзяюцца, што на перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863−1864 гадоў, у тым ліку нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага ў складзе беларускай дэлегацыі прыедзе прэм’ер-міністр Сяргей Румас, піша euroradio.fm. Цырымонія адбудзецца ў літоўскай сталіцы ў лістападзе. Паўстанцы будуць урачыста перапахаваныя на віленскіх могілках Росы. Надпісы на іх магілах будуць і па-беларуску.

Як інфармуе Delfi, запрашэнне на ўрачыстую цырымонію атрымаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, запрошаная і ўрадавая дэлегацыя Беларусі. Латвія і Украіна будуць прадстаўленыя на больш нізкім узроўні. Віцэ-канцлер ўрада Дэйвідас Матулёнис кажа, што дакладная дата цырымоніі будзе залежаць ад таго, як будуць ісці справы з абсталяваннем капліцы для пахаванняў на могілках Расу. Падрыхтоўку да перапахавання пачнуць пасля ўзгаднення з польскім бокам.

Парэшткі паўстанцаў былі знойдзены на гары Гедыміна ў Вільні, дзе іх тайна пахавалі расійскія ўлады пасля пакарання смерцю. Асобу кіраўніка вызваленчага паўстання ў Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі на 95%. Каб зняць усе сумненні, у Свіслачы праводзіліся раскопкі на месцы магілы Віктара Каліноўскага, брата Кастуся.


Гродзенскія актывісты ставяць на месцах баёў паўстанцаў-«каліноўцаў» памятныя знакі