У Іўеўскім раёне 20-гадовы хлопец паездзіў на чужым грузавіку па школьным двары. Каля 9 гадзін вечара ён знаходзіўся на тэрыторыі былой школы ў вёсцы Морына, там жа мясцовы прадпрымальнік ставіць сваю тэхніку, у тым ліку і грузавы МАЗ. Хлопцу захацелася пракаціцца на грузавіку, паведамляе grodno.mvd.gov.by.
У замку запальвання застаўся ключ, а дзверы былі адчыненыя. Зламыснік завёў рухавік і стаў намотваць кругі па былым школьным стадыёне на МАЗе. Удосталь накатаўшыся, малады чалавек кінуў грузавік у тэхнічна спраўным стане.
На наступны дзень ўладальнік аўтамабіля ўбачыў, што яго тэхніка за ноч пераехала ў іншае месца. Каб разабрацца ў сітуацыі, ён звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі ўстанавілі ўсю карціну таго, што адбылося, цяпер у дачыненні да падазронага распачата крымінальная справа па артыкуле «Угон».