Здаецца, у свой час усе паглядзелі фільм пра вернага сабачку «Хаціка» (і толькі самыя нячулыя над ім не плакалі). На гэтых выхадных гродзенцы могуць паглядзець гэты фільм па-беларуску. Па водгуках, атрымалася яшчэ больш кранальна.
Першы паказ адбыўся 26 ліпеня ў кінатэатры «Космас». На ўваходзе наведвальнікаў сустракалі анкеты і буклеты, дзе можна было пачытаць пра сапраўднага Хаціка, які нарадзіўся ў 1923-м годзе. На фільм прыйшло каля 15 чалавек. Прычынай можа быць час сеансу: у пятніцу, а 17.00 большасць людзей толькі выходзіць з працы. Наступныя паказы адбудуцца там жа ў суботу і нядзелю ў 17.20.
Знакамітая брытанска-амерыканская меладрама з Рычардам Гірам у галоўнай ролі выйшла ў 2009 годзе і яшчэ раз нагадала свету аб кранальнай гісторыі сяброўства сабакі і чалавека. Фільм з’яўляецца рымейкам японскай стужкі 1987 года і заснаваны на рэальных падзеях з жыцця сям'і прафесара Такійскага ўніверсітэта Хідэсабура Уэна, якому ў 1923 годзе мясцовы фермер падарыў шчанюка пароды акіта-іну. У галівудскай версіі фільма маленькага Хаціка знаходзіць прафесар Уілсан. Паміж жывёлай і чалавекам завязалася сяброўства — настолькі моцнае, што Хаціка кожную раніцу праводзіў гаспадара на чыгуначную станцыю, калі ён адпраўляўся на працу, і цярпліва чакаў яго вяртання. Аднойчы прафесар не вярнуўся, але сабака ўсё адно прыходзіў сустракаць яго кожны дзень цягам яшчэ дзевяці гадоў.
Фільм паказвае кампанія «Кінаконг» у межах праекта «Беларускія ўікэнды». Мінчане ўжо паглядзелі «Хаціка» ў Міжнародны дзень сабак 2 ліпеня. Зараз магчымасць убачыць карціну з’явілася і ў жыхароў Гродна.
— Мы рэдка паказваем такія лірычныя фільмы, і «Хаціка» адзін з іх. Фільм цудоўны, пра вернасць, пра сяброўства. Мне здаецца, гэта рэч, якая ў Беларусі вельмі важная. Хаціка знакаміты сваёй вернасцю, а Беларусь на другім месцы ў свеце па разводах. У прынцыпе, усе мы ўхваляем тое, што робіць Хаціка, мы гэта лічым гераічным учынкам. І гэта такое натхненне для нас, каб пачаць паводзіць сябе як ён у стасунках з сябрамі, з блізкімі, з жонкамі ці мужамі і не толькі, — тлумачыць выбар фільма Андрэй Кім з «Кінаконгу». Ён кажа, што калі нехта зменіць сваё жыццё да лепшага пасля прагляду, праца зроблена не дарма.
Сярод гледачоў былі і наведнікі курсаў «Мова Нанова».
— Я асобна люблю фільм «Хаціка», асобна люблю беларускую мову, а сёння будзе спалучэнне на 100 адсоткаў, — расказвае Святлана. Тое ж самае кажа Сяргей: добрае кіно, добры сюжэт, беларуская мова — што яшчэ трэба? Да таго ж, у першы раз да канца хлопец фільм не даглядзеў. Кажа, што не абяцае не плакаць на праглядзе.
Пара Максім і Шыра прыйшлі падтрымаць беларускую мову і беларускамоўнае кіно. Усміхаюцца і кажуць, што ідуць з цяжкім сэрцам і гатоўнасцю паплакаць.
— Наша мэта ў тым, каб фільмы па-беларуску былі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. І Гародня — першы горад, пра які мы думаем. Вядома, што выгадна ў першую чаргу ў Мінску гэта рабіць. Але наша мэта ў першую чаргу не зарабіць грошай, а прасунуць добрае кіно, прасунуць кіно па-беларуску, — кажа Андрэй Кім.
«Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб» і «Тэрмінатар-2» па-беларуску мелі добрыя зборы, лічыць Андрэй. Параўноўвалі з наведвальнасцю рускамоўных фільмаў, якія ішлі ў той жа перыяд у кінатэатры. Шмат чаго залежыць ад кінатэатра, часу сеанса. А ўвогуле пра нейкую дынаміку казаць цяжка. Паказы ў Гродне пачаліся вясной, а лета ў кіно лічыцца мёртвым сезонам.
Пакуль з жанрамі фільмаў «Кінаконг» эксперыментуе. Быў і дзіцячы фільм, і баявік, зараз ідзе лірычны фільм. Арганізатары спадзяюцца, што ўжо з восені зразумеюць густы гродзенцаў, каб рабіць паказы, якія будуць ім цікавыя. А калі раптам залы будуць пустыя, не праблема, бо без памылак нельга пабудаваць чагосьці паспяховага. Таксама стваральнікі заклікаюць беларускамоўную актыўную супольнасць расказваць пра кінапаказы. Бо па статыстыцы, важнейшы асабісты кантакт, а не рэклама.
У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom| A1, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце. У планах паказаць у Гродне «Mortal Kombat», «Падынгтан» і «Падынгтан 2».
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…