26-гадовы салдат з Гродзеншчыны памёр ад раку, які развіўся ў войску. Выявілі яго толькі на чацвёртай стадыі

Страшная трагедыя здарылася ў сям'і Куневічаў з вёскі Трошчыцы пад Карэлічамі: у гэтую суботу, 20 ліпеня, у іх памёр сын, 26-гадовы Міша. Памёр ад раку страўніка. Яго камісавалі, толькі калі хвароба была ўжо на фатальнай стадыі. Найхутчэй, хлопца ўзялі ў армію ўжо з ракам. І з анкалогіяй ён служыў — ніхто не зважаў на болі і ванітаванне, хлопца пічкалі прымітыўнымі таблеткамі, піша n*.by.

Міхаіл у час службы. Ён быў жанаты і ўзяў прозвішча жонкі — Рыштоўскі.
Сям’я сцвярджае, што Карэліцкі ваенкамат спецыяльна, праз недаборы, заплюшчыў вочы на кепскія аналізы прызыўніка і адправіў яго служыць. У арміі Міша большую частку часу правёў ў шпіталях на прымітыўных таблетках і з таўром «касільшчыка», пакуль, урэшце, у Мінску ў яго не дыягнаставалі анкалогію з множнымі метастазамі, адразу ў чацвёртай ступені!

Пасля гэтага яго камісавалі, а хлопец працягнуў яшчэ пару месяцаў — нічога ўжо нельга было зрабіць.

«Міша малады хлопец, але пэўныя праблемы са здароўем у яго былі, — расказвае нам ягоная маці, Вольга Куневіч. — Да войска ён скардзіўся часам: балеў жывот, не было апетыту. Але неяк асабліва на гэта ўвагі не звярталі, ён сам не звяртаў. Ён бываў у нашай бальніцы, СОЭ скакала ў тры разы! Але нешта сімптаматычна рабілі, яно зніжалася. Потым, перад войскам, мо за які год, пачалося такое, што раны перасталі загойвацца. Голіцца, недзе шмаргане лязом — дык нагнаенне адразу, не зацягваецца. Мы і з гэтай шчакой парэзанай нават хадзілі да доктара, як бы яе залячыць. А тут прызыў, ваенкамат — аналізы ідэальныя! Я тады яшчэ сама хадзіла да Зарубайкі [тагачасны камісар Карэлічаў], прасіла, каб хоць яго добра паглядзелі, ён жа хворы. У Гродна ён паехаў на камісію, але там нічога ў яго не праверылі — Зарубайка ўзяў справы прызыўнікоў, сам пайшоў на камісію, яны там яму падмахнулі, што пагаджаюцца з вердыктамі нашага камісарыята — і ўсё. А хлопцы нічога не сказалі. Іх шмат было. Гэта наш сын расказваў, але і іншыя могуць пацвердзіць».

Паводле словаў жанчыны, у войску стан Міхаіла горшаў — службу ён праходзіў у Слоніме, в/ч 20 170.

«Ён нават прысягу прымаў у шпіталі! Мне званіў, казаў: мама, я падыхаю. А яму: „Ты косіш!“ — і давалі дратаверын і алюмаг [спазмалітык і супрацьязвеннае — рэд.]. Паглыбленых аналізаў, з яго словаў, яму не праводзілі. Ён і ў вучэбцы, у Печах, ляжаў у бальніцы, у Слоніме ляжаў у бальніцы, нідзе нічога не выяўлялі і не шукалі. Як ён мне казаў, ён пры доктары выпіў вады і адразу ж гэта назад вырыгаў, на яго ж. І тады яны, відаць, падумалі, што мо і не косіць, і адправілі ў Мінск. У Мінску выявілі анкалогію і адразу ж камісавалі. Але там была чацвёртая ступень, ён прыехаў дадому, троху пажыў і ўсё. Там ужо нічога не дапамагае…» — дадае жанчына.

«З вайсковай выпіскі вынікае, што хвароба з’явілася ў час службы. Але гэта фантастыка! Мы потым ездзілі ў Бараўляны. Дактары кажуць, што каб за адзін год з нічога ў чацвёртую стадыю, дык такога не бывае. А вайскоўцы гнуць сваю лінію. Мы падавалі скаргу ў пракуратуру, яны пагаджаюцца з вайскоўцамі: «Хвароба набытая ў час службы», — кажа Вольга Куневіч.

Адказ гродзенскага ўпраўлення аховы здароўя на зварот сям'і аб незаконным прызыве на службу.
Ці сапраўды ў хлопца былі кепскія аналізы перад адпраўкай у войска? Сям’я выказвае здагадкі, што іх маглі ўтаіць ці падмяніць на «чыстыя».

«Наша Н**а» знайшла лабарантку паліклінікі ў Міры, дзе Міхаіл іх здаваў.

Лабарантку зваць Данута Хвасько. Яна прыгадвае, што аналізы сапраўды добрымі не былі.

«У яго ніколі не было добрых аналізаў. Ён ляжаў у нашай бальніцы яшчэ і да войска, і яны ўсё былі кепскія. Пра СОЭ я не памятаю нічога, але памятаю, што былі вялікія лейкацыты. Мы тады яшчэ з маёй калегай — нас двое, — абмяркоўвалі, ад чаго гэта можа быць. Ну мы не дактары, мы падумалі, што мо гэта праз ангіны, ці што. А далей як? Вось яны прыйшлі па лініі ваенкамата здаць аналізы, то мы іх ім жа назад і даём, і яны самі ідуць з паперамі ў камісарыят, а там ужо дактары прымаюць рашэнні. Я выключаю, што нейкія аналізы маглі быць падмененыя: я што, у турму хачу? Я сама маці, я ніколі б нейкаму камісару ў такой справе падыгрываць не стала б, хай бы мяне на каленях малілі. Гэта пытанні да камісіі», — сказала нам спадарыня Данута.

Карэліцкі камісар Канстанцін Зарубайка, у час работы якога быў прызваны Міхаіл Куневіч, пачуў пытанне «Наша Н**ы» і кінуў слухаўку, сказаўшы, што гаварыць не будзе.

Канстанцін Зарубайка, былы карэліцкі ваенны камісар

Сябры Міхаіла гавораць, што Зарубайка катэгарычна казаў яму: «Што ты ні рабі, а служыць ты пойдзеш».

Такую прынцыповасць сябры звязваюць з тым, што Міхаіл, аказваецца, дагэтуль ужо прызываўся ў войска, у 2017-м, але прабыў там зусім няшмат, ажаніўшыся з жанчынай, якая мела малое дзіцё.

Такім чынам, ён стаў прыёмным бацькам і атрымаў права на камісаванне. А як дзіцю споўнілася тры гады, то зноў стаў годны да прызыву.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024