На шлюзе “Дамброўка” 20 ліпеня стартаваў 9-ы веламарафон “Суседзі”. У гэтым годзе на выбар удзельнікаў былі чатыры дыстанцыі – на адну больш, чым у мінулыя гады.
На марафон зарэгістравалася амаль 1000 удзельнікаў. Сярод іх каля 90 замежнікаў. Акрамя звыклых літоўцаў і палякаў, прыехаў і веласіпедыст з Будапешта. Але як заўсёды лідзіруюць беларусы – іх сярод удзельнікаў амаль 90%.
У праграме “Суседзей” ёсць месца і для кароткіх дыстанцый – усяго 7 км, і для спецыяльных дзіцячых заездаў на 100 метраў. У гэтым годзе зарэгістравалася сотня дзяцей. Самаму малодшаму ўдзельніку – 5 гадоў.


У “Суседзях” удзельнічаюць веласіпедысты розных узростаў: самаму сталаму – 72 гады. Самы папулярны ўзрост – 30-40 гадоў.



“Суседзі” – самае лепшае, дзе я быў”. Максім Зуеў з Масквы з сям’ёй пяты раз паўдзельнічае ў марафоне

Пятнаццацігадовы Мацвей з Гродна на “веладжыпе” ў марафоне ўдзельнічае ўпершыню. Для сябе ён абраў дыстанцыю ў 23 кіламетры. Гэта новая дыстанцыя – “Фіт-марафон”, які ўвялі толькі ў гэтым годзе. Ён спецыяльна з’явіўся для тых, каму 70 і 40 кіламетраў было занадта шмат, а міні-марафон на 7 км – занадта мала.















