Гродзенскі клуб працягвае шукаць новыя варыянты ўзмацнення. У сярэдзіне ліпеня “Нёман” падпісаў новага галкіпера Дзмітрыя Дудара. На прагляд у каманду таксама прыехаў расійскі абаронца Мікалай Фадзееў.

Дзмітрый Дудар ураджэнец Гродна і ў гэтым сезоне згуляў у адным матчы за “Гомель” у Вышэйшай лізе. У 2018 годзе галкіпер быў прызнаны найлепшым гульцом паўднёўцаў у сезоне.

Мікалай Фадзееў ураджэнец Ульянаўска. Выхаванец мясцовай школы і маскоўскага “Спартака”. Пасля сыходу з маскоўскага клуба выступаў за “Хімкі” (ФНЛ, сезон 16/17), маскоўскае “Тарпеда” (ПФЛ. Цэнтр, 17/18) і “СКА-Хабараўск” (ФНЛ, 18/19).

Таксама прэс-служба гродзенцаў паведамляе, што кантракты з абаронцам Дзмітрыем Барысавым і нападнікам Янікам Н’Джэнгам скасаваныя па пагадненню бакоў.

Пасля першага круга каманда Ігара Кавалевіча займае 8-е месца і мае ў сваім актыве 20 ачкоў. Другі круг гродзенцы стартуюць матчам у Гродне, які пройдзе 19 ліпеня. “Нёман” будзе прымаць “Гомель”.