Трэці дзень на могілках у горадзе Сьвіслач на Горадзеншчыне ідуць працы па эксгумацыі парэштак, які могуць належаць брату Кастуся Каліноўскага Віктару, піша s**boda.org.
На гэтыя пытаньні адказаў назіральнік за працамі зь літоўскага боку Рымантас Янкаўскас, прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, які займаецца ідэнтыфікацыяй парэштак паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедыміна.
Адказны за эксгумацыю пахаваньня Віктара Каліноўскага — Сьледчы камітэт Беларусі, ён жа фінансуе працы. Сьледчыя і міліцыянты прысутнічаюць на месцы раскопа. Уначы магілу пільнуе вартаўнік.
У першы дзень 8 ліпеня рабочыя дэмантавалі помнік і надмагільную пліту Віктара Каліноўскага. На наступны дзень пачалася непасрэдна праца археолягаў, якая працягваецца дагэтуль. Над пахаваньнем працуюць беларускія спэцыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук: антраполяг Мiкалай Памазанаўi археоляг Вадзім Кошман.
Зь літоўскага боку прысутнічаюць прафэсар-антраполяг Рымантас Янкаўскас, доктар гістарычных навук Юстына Казакайце, другі сакратар амбасады Літвы ў Беларусі Міндаўгас Габрэнас. Яны не вядуць працы, але могуць назіраць і кансультаваць. Прысутнасьць літоўцаў фінансуе літоўскі бок.
Менавіта Літва ініцыявала эксгумацыю Віктара Каліноўскага. Першы раз яны зьвярнуліся з гэтай просьбай да беларускага боку летась у ліпені. Па інфармацыі Янкаўскаса, гэта першы падобны выпадак запыту аб эксгумацыі ў літоўска-беларускіх адносінах.
Да таго ж, назіраць за працамі дазволілі прадстаўнікам беларускай грамадзкасьці Юрыю Глебіку са Сьвіслачы і Ўладзімеру Хільмановічу з Горадні.
Як расказаў Янкаўскас, раскоп зроблены памерам 4×1,5 мэтры. Пакуль патрэбных парэшткаў не знайшлі. У верхнім слоі спачатку ішла перамяшаная зямля з керамікай і фрагмэнтамі пераважна дзіцячых костак ад іншых пахаваньняў. Падчас раскопу пачала асыпацца зямля суседняга пахаваньня, таму давялося дэмантаваць гэтае надмагільле і ўмацаваць схіл. Аднак напрыканцы другога дня ўбачылі абрысы некранутага пахаваньня. Яго пачалі расчышчаць.
«Калі знойдуць парэшткі і будзе бачна, што яны некранутыя, то выклічуць зь Менску экспэртаў, каб узялі пробы», — тлумачыць Рымантас Янкаўскас.
Вядома, што месца пахаваньня Віктара Каліноўскага прыкладнае. Чаму тады менавіта там усталявалі помнік?
Актывіст Юры Глебік расказаў: было вядома, што Віктар Каліноўскі пахаваны недзе на сьвіслацкіх могілках. Падчас перабудовы капліцы частку надмагільляў перамясьцілі. Адсюль блытаніна з месцамі пахаваньня.
Напрыканцы 1980-х гадоў сьвіслацкі краязнаўца Аляксандар Палубінскі знайшоў каля капліцы камень з крыжам, падобны па апісаньні да таго, што быў на магіле Віктара Каліноўскага. Крыж аднавілі і ў пачатку 1990-х гадоў за сродкі грамадзкасьці ўсталявалі сымбалічнае надмагільле на гэтым месцы.
«Але сапраўднае пахаваньне можа знаходзіцца і ў пяці мэтрах, і ў дзясятках мэтрах ад яго. Мы ніколі не хавалі, што гэтае надмагільле сымбалічнае», — кажа Юры Глебік.
На гары Гедыміна ў Вільні знайшлі парэшткі ўжо 20 паўстанцаў. Археолягі шукаюць апошняга, 21-га, Станіслава Ішору. Гэта адзіны паўстанец, у якога знайшлі жывых нашчадкаў.
Астатнія 20 парэшткаў ужо ідэнтыфікавалі. Чацьвярых пацьвердзілі генэтычна з дапамогай пахаваньняў сваякоў у Вільні: братоў Раўкоўскіх Аляксандра і Юзафа, Раймунда Зямацкага і Цітуса Далеўскага. Пахаваньне брата Далеўскага было моцна перакапанае, але ўдалося знайсьці костку рукі і яшчэ некалькі фрагмэнтаў. Гэтага хапіла, каб узяць пробу і пацьвердзіць асобу паўстанца.
Іншых ідэнтыфікавалі па сумяшчэньні фатаграфіі з формай чэрапа, зьвестках аб спосабе пакараньня праз павешаньне або расстрэл, поле, узросьце, іншых антрапалягічных прыкметах.
«Серакоўскага [Зыгмунта] ідэнтыфікавалі па пярсьцёнку зь ягонымі ініцыяламі. Нікаляй [Уладыслаў] ляжаў у шпіталі, у яго было раненьне грудной клеткі. Калі вядома, што гэта Нікаляй, то гэта не Каліноўскі. Кола пошукаў усё памяншаецца і памяншаецца», — тлумачыць Янкаўскас.
— Калі можа быць вядомы вынік экспэртызы?
— Гэта залежыць ад таго, што мы тут знойдзем. Наш досьвед у Вільні паказвае, што пры добрай захаванасьці костак вынік можа быць ужо праз тры дні. Тут будуць працаваць беларускія судова-мэдыцынскія экспэрты. Праз пракуратуру пробы будуць перадавацца пракуратуры Літоўскай Рэспублікі і паралельна дыпляматычнай поштай у нашу лябараторыю.
— ДНК парэшткаў мусіць супасьці на 100%?
— 100% ніколі не бывае. Мы звычайна атрымліваем адказ, што абʼект, А і абʼект В супадаюць зь верагоднасьцю 99,99%. Гэтага дастаткова.
— Калі ДНК парэшткаў меркаванага Кастуся Каліноўскага не супадзе з парэшткамі, знойдзенымі ў гэтым пахаваньні, што будзе далей?
— У такім выпадку мы будзем лічыць, што гэтае пахаваньне [Віктара Каліноўскага] — сымбалічнае месца. Бо дакладна вядома, што на гэтых могілках яно ёсьць… Калі ДНК не супадуць, больш ня будзем распрацоўваць іншыя пахаваньні, бо яны некранутыя. Іншых сьведчаньняў таксама няма.
— Ці можна тады быць упэўненым на 100%, што ў Вільні знайшлі менавіта кіраўніка паўстаньня?
— Тады застанецца сумнеў. Нашыя высновы будуць базавацца на археалягічным кантэксьце, агульных антрапалягічных зьвестках, спэцыяльных дадзеных, поле, узросьце, спосабе пакараньня і фотасумяшчэньні. Гэта не такія дакладныя дадзеныя.
Улічваючы, што такія пытаньні заўжды будуць узьнікаць, мы стараемся давесьці справу да канца. Ёсьць такія канапныя экспэрты. Каб не ўзьнікалі пытаньні, што была магчымасьць зрабіць, чаму не зрабілі. Мы будзем спакойныя. Тады і беларускі бок зможа спакойна сказаць: «Так, мы зрабілі ўсё, што было магчыма». Толькі такія тэхнічныя магчымасьці былі… Нельга будзе казаць, што гэта толькі сымбалічнае пахаваньне Каліноўскага.
— Год таму ў інтэрвію вы казалі, што зьвесткі пра Кастуся Каліноўскага — фантастычныя чуткі. Чаму?
— Бо гэта былі самыя першыя знаходкі. Надта прыгожа б было, каб самы першы [знойдзены] быў Каліноўскім. Але ён і быў Каліноўскім. Мы сумняваліся, пакуль не былі зробленыя іншыя знаходкі і выключаныя іншыя магчымасьці.
— Калі зьявілася большая ўпэўненасьць, што гэта менавіта лідэр антырасейскага паўстаньня?
— Гэтай зімой. Калі мы атрымалі сумяшчэньне чарапоў з фатаздымкамі апошніх трох знойдзеных паўстанцаў.
Генэтычную экспэртызу, паводле правілаў, будуць праводзіць у дзьвюх лябараторыях: у Беларусі і ў Літве. Пробы са сьвіслацкай магілы перададуць з дапамогай пракуратураў дзьвюх краін і паралельна праз дыпляматычную пошту.
Літоўскі бок у сваю чаргу гатовы прадаставіць беларусам доступ да пробы меркаваных парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Пакуль беларусы за гэтым не зьвярталіся.
Вядома, што на сьвіслацкіх могілках пахаваная бабуля Кастуся Каліноўскага Тэрэса, а таксама некаторыя іншыя ягоныя браты і сёстры. Праўда, таксама невядома дзе. Калі акажацца, што ў гэтым месцы, дзе ідуць працы, пахаваны нехта зь іншых сваякоў, ДНК таксама супадзе. Лепшыя паказальнікі будуць у мужчынскага пола, бо там супадае храмасома Y, але і парэшткі жанчыны могуць даць пацьверджаньне.
Па выніках дасьледаваньняў літоўскія спэцыялісты будуць справаздачыцца перад грамадзкасьцю і ўрадам. Дзяржаўную камісію аб перапахаваньні паўстанцаў узначальвае прэмʼер-міністар Літвы.
Перапахаваньне паўстанцаў, як раней гаварылася, магчыма, адбудзецца сёлета ў лістападзе. Аднак гэта залежыць ужо не ад дасьледаваньняў, а ад таго, ці пасьпеюць аднавіць капліцу на могілках Росы ў Вільні. Цяпер там ідзе касмэтычны рамонт. Пахаваньні, якія раней знаходзіліся ў капліцы, зьнішчылі падчас апошняй вайны.
Вядома, што на аднаўленьне капліцы выдаткавана каля 200 тысяч эўра. На генэтычныя і антрапалягічныя дасьледаваньні літоўскі бок выдзеліў 50 тысяч эўра. Біятэхналягічная фірма прадаставіла сучасныя рэагенты для дасьледаваньняў на суму болей за 100 тысяч эўра.
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…