З сярэдзіны чэрвеня пачаліся работы па рэстаўрацыі адных з самых старадаўніх скульптур Гродна — сфінксаў на ўязной браме Новага замка.
Сёння ад мінулага хараства Новага замка ў арыгінальным выглядзе захаваліся толькі ўязная брама са скульптурамі сфінксаў з пуці (скульптурамі маленькіх хлопчыкаў) на іх, а таксама слупы агароджы са шлемамі з ваеннай атрыбутыкай. Над імі цяпер працуе рэстаўратар з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Іван Кірыковіч.
«Праходзіць адначасова чыстка і рэстаўрацыя скульптур, — распавядае Іван Кірыковіч. — Наогул гэтыя скульптуры трэба пастаянна чысціць і аглядаць, яны стаяць у гэтым месцы ўжо больш за 200 гадоў. Стан нядрэнны і гэта пасля ўсіх падзей, якія адбываліся ў гэтым месцы».
Скульптар адзначае, што паводле арыгінальных эскізаў на сфінксах павінны былі быць яшчэ гербы, але іх так і не зрабілі. За савецкім часам скульптуры фарбавалі. Гэтая фарба дагэтуль на іх.
«Такія скульптуры з пяшчаніку не фарбуюць, але ў свецкі час фарбавалі ўсё. У некаторых месцах да гэтага часу фарба бачная. Каб яе адтуль цалкам вычысціць, трэба дэмантаваць скульптуры. Але гэтага рабіць ніхто не будзе».
Працы над скульптурамі працягнуцца да канца ліпеня.