У Свіслачы на магіле брата Кастуся Каліноўскага, Віктара, пачалі працы па эксгумацыі парэшткаў. Гэта робіцца для таго, каб канчаткова ідэнтыфікаваць парэшткі кіраўніка паўстання 1863.
Гродзенскі праваабаронца, журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч назірае з боку грамадскасці за гэтым працэсам. Таксама там прысутнічаюць мясцовыя актывісты. Свіслацкі грамадска-палітычны актывіст Юры Глебік для галоснасці і кантролю над гэтым працэсам з боку грамадства па прапанове Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь увайшоў у пратакольную групу.
Прадстаўнікі Следчага камітэту паабяцалі, што пасля заканчэння іх місіі магіла Віктара Каліноўскага будзе адноўлена ў тым выглядзе, якой была да пачатку працы.
Прысутнічаюць і прадстаўнікі Літвы, якія заявілі, што хочуць ідэнтыфікаваць Кастуся Каліноўскага, а іншых зачэпак, акрамя як парэшткі ягонага роднага брата, яны не маюць.Улады штогод пераследуюць актывістаў, якія прыязджаюць у Свіслач ушанаваць памяць паўстанцаў1863−64-га гадоў, і праз гэта ў актывістаў існуюць нават падазрэнні, што пад выглядам эксгумацыі магіла Віктара Каліноўскага будзе разбураная. Або працэс эксгумацыі будзе выкарыстаны для гэтага.
Як піша harodniaspring.org, на тое, што будуць знойдзены парэшткі Віктара Каліноўскага надзеі мала. Бо на гэтых могілках у гэтым месцы пасля смерці Віктара Каліноўскага і храм пабудавалі, і пасля аднаўлялі яго. Мяняліся параметры, ссоўваліся намагільныя пліты, хаваліся іншыя нябожчыкі. Таму працы маюць больш латарэйны характар. Але прадстаўнікі Літвы ўскладаюць на яго надзею, бо хочуць ідэнтыфікаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага.
Дакладна вядома толькі тое, што Віктар Каліноўскі пахаваны на свіслацкіх могілках у тым месцы.