Літаральна за некалькі дзён на вуліцы 1-й Трудавой невядомыя стварылі звалку смецця. На праблему ў цэнтры горада звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары. Яны звярнуліся ў грамадскую арганізацыю «Экаманіторынг».

Смецце стала з’яўляцца побач з грунтам, які з пачатку ліпеня на вуліцу сталі звазіць працоўныя цепласетак. У арганізацыі заяўляюць, што нехта скарыстаўся месцам і стаў звазіць туды сваё смецце.

«Увесь грунт, які тут ёсць, павінен вярнуцца назад у ямы. Але не смецце, якое сталі сюды звазіць, — кажа старшыня „Экаманіторынга“ Яўген Філімонаў. — Месца ператварылі ў звалку. Проста хамскае стаўленне гараджан да свайго горада. І калі мы на гэта не звернем увагу, гэта ж смецце з’явіцца ў яме. Будзе гніць і трапляць у грунтовыя воды, тым самым атручваць людзей. Мы ўжо размаўлялі з прадстаўнікамі цепласетак, яны запэўнілі, што гэта не іх адходы, але гатовыя іх вывезці на сметнік».

"Хамскае стаўленне да горада". Невядомыя ў цэнтры Гродна зрабілі звалку смецця

Філімонаў адзначае: калі б на пляцоўцы было чыста або грунт агарадзілі плотам, то туды смецце ніхто б не звазіў. А так няма ні агароджы, ні шыльды. Людзі проста скарысталіся сітуацыяй.

«Ёсць верагоднасць, што смецце з’явілася з бліжэйшага закінутага туалета, які нечакана сталі чысціць. Зараз туды адкрыты ўваход,
а ўнутры стала прыкметна чысцей».

«У гарвыканкаме распавялі, што ўласнік закінутага туалета не высветлены, але меры будуць прынятыя. Калі адыходы сапраўды адтуль, то іх павінны ўтылізаваць спецыяльным спосабам, але ніяк не праз палігон. Мы ўжо напісалі зварот у гарадскі камітэт прыродааховы», — дадаў кіраўнік «Экаманіторынга».


Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]