Прадстаўнікі «ВелаГродна» разам з літоўскім клубам LKA стартавалі 6 ліпеня з Вільні ў тур па Балтыйскім узбярэжжы. За першы этап велааматары плануюць пераадолець 1000 км.
Стартаваў роваравы тур у цэнтры Вільні ў Дзень дзяржаўнасці Літвы. Гэта свята, прымеркаванае да дня каранацыі Міндоўга ў 1253 годзе.
«З Вільні стартавала 37 чалавек, сярод іх 4 гродзенца, — распавядае прадстаўнік „ВелаГродна“ Андрэй Шавель. — Калі выязджалі, нас вітаў новы прэзідэнт Літвы. Было прыемна. План — за два тыдні даехаць з Вільні да Свінауйсця [горад у Заходне-Паморскім ваяводстве Польшчы — рэд.]».
Два дні велааматары ехалі па Літве, а 8 ліпеня заехалі на тэрыторыю Польшчы. Агулам яны плануюць арганізаваць 5 этапаў па 1000 км і тым самым аб’ехаць Балтыйскае мора.