Калі спачатку згарнуць ліст крапівы, то яго можна жаваць без страху апячыся. Снітка па смаку нагадала моркву, а аўсяны квас падобны да бярозавіка. Пра гэта даведаліся ўдзельнікі майстар-класа ад Hrodna.life «Трава ля дома» 4 ліпеня. Разам з вядучай Ленай Майсюк госці прыгатавалі смузі з раслінаў, якія звычайна лічацца пустазеллем, і пакаштавалі веганскую далму. Майстар-класам натхніліся суседзі рэдакцыі з піца-трака. Яны пачаставалі гасцей Hrodna.life піцай з крапівой.
«Хоць я і вегетарыянка, вельмі мала ведала пра зеляніну. Было цікава даведацца, што ядомага можна знайсці, проста выйшаўшы ў свой двор, — казала Таццяна Каліневіч. — Гэтыя расліны — свае, родныя. Яны заўжды пад рукой у агародзе і ў лесе».
Са смакаў ёй найбольш даспадобы прыйшліся марынаваныя сцяблі лапуха і аўсяны квас. Задаволіла Таццяну і тлумачэнне пра ферментацыю раслінаў для гарбаты. «Гэта даўно хацела ўдакладніць. Зараз сама паспрабую».
Галіна Шыдла прыйшла на сустрэчу з двума дочкамі - Надзеяй і Ленай. «Прачытала артыкул і прапанавала старэйшай дачцы наведаць майстар-клас. Яна зараз вельмі цікавіцца гатаваннем ежы, рознымі рэцэптамі. Гэта вельмі цікавая тэма — пра зёлкі, што растуць побач з намі, і тое, як можна іх ужываць. Раней мы толькі гарбату з зёлак запарвалі. Аказваецца, можна і салатку зрабіць і смузі. Такога мы раней ніколі не каштавалі».
«Я пачала глядзець кулінарныя шоў і таксама захацела гатаваць сама, — расказвае Надзея Шыдла. — На майстар класе найбольш здзівілася, што можна есці крапіву. Яна ж калючая. Але з’ела лісцік і не пакалолася. Дома ў нас растуць базілік, бергамот, мята, меліса. І вінаград таксама ёсць. Паспрабуем дома прыгатаваць далму».
«Упершыню ў жыцці паспрабавала аўсяны квас. Вельмі спадабаўся, трохі нагадаў бярозавік. Думаю, добра будзе ў спёку ўжываць, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Кашко. — З зёлак найбольш спадабалася снітка. Па смаку яна трохі нагадвае моркву, а я моркву вельмі люблю. То будзе як дадатковы варыянт, калі морквы няма, можна выкарыстаць снітку.
Крапіву раней каштавала. Пра лебяду ведала, што раней елі, але тут паспрабавала ўпершыню. Далма атрымалася асвяжальная. Для лета, калі спёка, такія легкія варыянты ежы добра падыходзяць. Зрабіць аказалася нескладана, дадаць, напэўна, можна любыя складнікі. Гэта па мне. Я люблю такое".
Парадавала гасцей майстар-класа імправізацыя з мясцовай травой ад піца-трака. Пабачыўшы майстар-клас, яны вырашылі дадаць у піцу крапівы. Магчыма, «піца з крапівой» стане чарговай гродзенскай кулінарнай фішкай.
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…