Ён танчыць і ў грамадскім транспарце, і на вуліцах горада, і ў барах. Многія гродзенцы паспелі заўважыць гэтага незвычайнага танцора. Яго завуць Павел, мы з ім сустрэліся.

Раней Павел у цэнтры Гродна граў на кахоне. А потым з’ездзіў у Швецыю, вярнуўся і пачаў танцаваць.

«Я і цяпер граю на кахоне. А нядаўна асвоіў танцы, яны даюць мне магчымасць выйсці на правільны душэўны стан, — распавядае Павел. — Я быў у Швецыі, у царкве Стакгольма і там сустрэўся з добрым псіхолагам. У нашай размове яна мне параіла пры дрэнным настроі займацца тым, што мне падабаецца. А мне падабаецца танцаваць. Я слухаю хрысціянскія трэкі змешанага стылю і пры цікавых момантах проста спыняюся і пачынаю танцаваць. Камусьці падасца гэта дзіўным, таму бываюць усялякія негатыўныя сітуацыі з боку людзей. Але я не хачу пра гэта гаварыць. Галоўнае, што ў танцах я адчуваю задавальненне».

https://www.instagram.com/p/Bzhxg1LIK-0/

Павел самавук, але ў будучыні хоча выкладаць танцы ў стылі dubstep, а таксама хоча падзяліцца з грамадствам сваімі малюнкамі.

«Я ўзяў адказнасць за свае таленты. Калі яны ёсць, то іх трэба развіваць. Пакуль я граю на кахоне і танцую. Але ўжо разумею, што мне падабаецца маляваць. Не выключана, што неўзабаве гродзенцы ўбачаць у цэнтры горада мае працы», — дадаў Павел.

Гродзенец танцуе ў нечаканых месцах. Гэта пачалося пасля паездкі ў Швецыю

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]