Падвешаная кава – гэта аплачаная кава, якую пакінулі для іншага кліента. Так рабілі ў Неапалі, каб выпіць кавы маглі бяздомныя і тыя, хто не можа сабе гэта дазволіць. Цяпер традыцыя дайшла да Гродна – у нас падвешаная кава ёсць у кавярні «КоФеКо» і ў «Гарадзенскай кавярні».
У арыгінале гэта называецца сaffè sospeso. Кліент атрымае адзін кубачак кавы, а заплаціць за два. За кошт гэтага, бяздомныя і беднякі могуць дазволіць сабе зайсці ў кафэ і спытаць, ці не «прытрымаў» барыста лішняга напою. Калі да гэтага хто-небудзь з наведвальнікаў замаўляў “каффэ саспэза”, то афіцыянт можа пачаставаць кліента бясплатнай кавай. У Еўропе традыцыя прыжылася і… памерла, а ў Гродне такое толькі пачынае практыкавацца.
У кавярні “КоФеКо”, якая нядаўна адкрылася, кажуць, што гэтым карыстаюцца. У дзень тут пакідаюць адну-дзве падвешаныя кавы.
– Забіраюць з хуткасцю святла. Карыстаюцца магчымасцю абсалютна ўсе, не скажу, што бедныя. Бачаць, што ёсць смачная кава – ведаюць прыкладна яе смак, і забіраюць, – кажа барыста.
https://www.instagram.com/p/Bw9-6HVHQ51/
Убачыць, ці ёсць падвешаная кава, можна на дошцы каля стойкі. Дырэктар установы Таццяна кажа, што хацелася б частаваць тых, хто не можа сабе гэта дазволіць, як гэта было першапачаткова задумана. Распавядаць пра такую опцыю спрабуюць праз інстаграм.
У «Гарадзенскай кавярні» ужо не памятаюць, калі апошні раз пакідалі падвешаную каву. Кажуць, яшчэ ў мінулым годзе. Хоць кліентам распавядаюць пра такую акцыю, і яны цікавяцца.
– Неактуальна, ці што. Людзі не разумеюць, што гэта такое. У Гродне ў прынцыпе такога няма. У Мінску так – гэтым карыстаюцца больш. У нас у прынцыпе культура піцця кавы не развітая. Для моладзі гэта актуальна, а для людзей ва ўзросце… старой загартоўкі людзі, – кажа барыста Ілона.
https://www.instagram.com/p/BzCwFxVosXi/
Яна лічыць, што для прасоўвання ідэі патрэбна добрая рэклама. І каб падобнае ўводзілася не ў адной-дзвюх кавярнях, а больш маштабна. Гэта было б важна для развіцця кававай культуры ў горадзе ў цэлым.


