У канцы мінулага года ва ўсіх раёнах вобласці запрацавалі адзіныя кантакт-цэнтры, партал 115.бел. Аднак пакуль служба 115 працуе не так, як хацелася б. Праведзеныя Камітэтам дзяржкантролю вобласці кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што не ў поўным аб’ёме выконваецца даручэнне Кіраўніка дзяржавы, якое тычыцца стварэння і функцыянавання абласных кантакт-цэнтраў і адзіных дыспетчарскіх службаў з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння ГП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», піша grodnonews.by.
На дадзены момант праграмнае забеспячэнне ўстаноўлена ва ўсіх раёнах вобласці, арганізацыямі ЖКГ заключаны дагаворы на аказанне паслуг па яго суправаджэнню, функцыянуюць дыспетчарскія службы з кароткім нумарам 115. У адзіных дыспетчарскіх службах і кантакт-цэнтры працуе звыш ста чалавек, больш за 70 з іх — аператары дыспетчарскіх службаў. Адзіны кароткі нумар 115 даступны жыхарам вобласці кругласутачна. Найбольшая колькасць званкоў паступае ў дзённы час. Толькі ў Гродне аператары прымаюць каля 800 званкоў у суткі. Усе заяўкі класіфікуюцца па відах работ і няспраўнасцяў. Вылучаныя асноўныя кірункі, у іх ліку водазабеспячэнне, ацяпленне, санітарны стан, каналізацыя, агульнабудаўнічыя, дахавыя, электратэхнічныя працы, кансультацыі. Затым «заданні» паступаюць у гарадскія ЖЭСы, а таксама ў адрас іншых пастаўшчыкоў паслуг, якія ўваходзяць у сістэму прадпрыемстваў ЖКГ, — КУП «Рамбудаўтадар», ГУРСП «Гродназелянбуд», ГГУПП «Спецаўтагаспадарка», Гродзенскае УКПП «Гарсвятло».
— Разам з тым праца кантакт-цэнтра і адзіных дыспетчарскіх службаў недастаткова эфектыўная, — распавяла начальнік упраўлення кантролю за працай галін гаспадаркі Камітэта дзяржкантролю вобласці Наталля Жур. — У шэрагу выпадкаў грамадзяне выказваюць незадаволенасць доўгімі спробамі дазваніцца і выказваюць нараканні на якасць аказання паслуг. Факты несвоечасовага выканання заявак насельніцтва, паўторных зваротаў па адным і тым жа пытанні выяўлены ў Астраўцы, Лідзе і Гродне.
Напрыклад, жыхар Астраўца, які пражывае ў доме на вуліцы Валадарскага, у красавіку гэтага года чатыры разы звяртаўся ў службу 115, спрабуючы вырашыць пытанне нізкай тэмпературы вады. І толькі пасля неаднаразовых спробаў сістэма гарачага водазабеспячэння была разпаветрана. Не раз набіралі кароткі нумар лідчане з вуліцы Рыбіноўскага. У пад’ездзе іх хаты на працягу некалькіх дзён адсутнічала асвятленне. Праблему спецыялісты мясцовага ЖЭСа вырашылі толькі на пяты дзень. З падобнай няспрытнасцю сутыкнуліся жыхары дома па вуліцы Рэпіна ў абласным цэнтры. Падчас залевы на доме была сарваная ліўнеўка, затопленымі апынуліся кватэры з дзевятага па першы паверхі. Толькі пасля шматлікіх званкоў на нумар 115 жыхарам удалося выклікаць работніка ЖЭСа № 15, каб ліквідаваць аварыйную сітуацыю.
Пра недахопы ў працы службы 115 казалі абаненты і на нядаўняй «гарачай» тэлефоннай лініі, якую праводзіў Камітэт дзяржкантролю вобласці па пытаннях працы адзіных дыспетчарскіх службаў. Грамадзяне выказвалі нараканні на перабоі з гарачай вадой у Гродне і Слоніме, адсутнасць халоднай вады ў адным з мікрараёнаў Іўя. Некаторыя наракалі на складанасць датэлефанавацца па нумары 115 і адсутнасць зваротнай сувязі па пытанні выканання заяўкі.
Галоўны інжынер жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскай вобласці Аляксандр Карповіч адзначыў, што пры ўзнікненні аварыйных сітуацый нагрузка на спецыялістаў значна павялічваецца, таму не заўсёды ёсць магчымасць абслужыць ўсе паступаючыя выклікі па стандартах. Пра гэтую праблему ведаюць, і яе імкнуцца аператыўна вырашаць. Разумення чакаюць і ад саміх абанентаў: спецыялісты службаў ЖКГ заклікаюць карыстальнікаў сэрвісу дасылаць нетэрміновыя пытанні праз партал «Мой горад» 115.бел, а адзіны нумар выкарыстоўваць выключна для аварыйных сітуацый.
На калегіі Камітэта дзяржкантролю былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія не вырашаюцца на заканадаўчым узроўні. У іх ліку ўсталяванне нарматыву колькасці работнікаў абласнога кантакт-цэнтра, парадак яго фінансавання, распрацоўка норм і нарматываў па фарміраванні выдаткаў на ўтрыманне кантакт-цэнтраў і адзіных дыспетчарскіх службаў. Дадзены адпаведныя даручэнні па арганізацыі сістэмы зваротнай сувязі з заяўнікамі, а таксама дзейснай сістэмы кантролю, якая максімальна выключае паўторнасць зваротаў.