Аляксандар Арлоў загінуў у слонімскай частцы ў верасьні 2018 году. У траўні 2019 СК паўторна адмовіў ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, піша s**boda.org.
Вольга Шаўко працуе даяркай на адной з малочных фэрмаў у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласьці. Сына Аляксандра адправіла ў войска крыху больш за год таму. 20-гадовы хлопец служыў недалёка ад дому, у Слоніме. У ліпені 2018-га прыяжджаў у звальненьне, казаў, што ў частцы ўсё было нармальна. Але пазьней без падрабязнасьцяў казаў пра дзедаўшчыну.
Праз два месяцы Вользе пазваніў камандзір сына і сказаў, што здарылася трагедыя — Аляксандра знайшлі павешаным.
«5 верасьня ў адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізону ўчыніў суіцыд шараговец Арлоў А.В., — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні Мінабароны. — Вайскоўцу 20 гадоў, да заканчэньня службы яму заставалася крыху больш за паўгода. Папярэдне прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы. Па гэтым факце праводзіцца праверка Сьледчым камітэтам, у вайсковай частцы працуе камісія Міністэрства абароны».
Праверка некалькі разоў перарывалася на экспэртызы. Справу перадалі спачатку ў вобласьць, затым у Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту.
22 траўня 2019 году сьледчы па асабліва важных справах Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту С. Баланоўскі пастанавіў адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце сьмерці сына Вольгі Шаўко — Аляксандра Арлова. Жанчына пайшла ў суд.
«Напісала скаргу і на Сьледчы камітэт, і на камандзіра часткі, — расказвае Вольга. — Я так думаю, што гэта яны вінаватыя ў сьмерці Сашы. На 1 ліпеня прызначылі разгляд. Хачу, каб крымінальную справу ўсё ж узбудзілі, каб разабраліся ва ўсім».
За 9 месяцаў праверак іх матэрыялы сабраліся ў важкі том. Вольга гэтыя дакумэнты бачыла толькі аднойчы, калі на пачатку вясны яе запрасілі ў абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Гродзенскай вобласьці. Паездка туды скончылася для жанчыны ў шпіталі. Сьледчыя не дазволілі Вользе сфатаграфаваць матэрыялы праверак, далі толькі пачытаць. Яна расхвалявалася, прыйшлося выклікаць хуткую проста да будынка СК.
«Мне прыйшлося б там тры дні сядзець, каб толькі прачытаць гэтыя шэсьць тамоў, — расказвае пра тую паездку Вольга. — Нічога не дазволілі сфатаграфаваць. Сказалі, што пачытаць магу, нешта выпісаць. А адкуль я ведаю, што мне там трэба выпісваць?»
Вольга настойвае — сын ня мог павесіцца сам. На разгляд сваёй скаргі ў менскі Дом правасудзьдзя яна прынесла некалькі фатаздымкаў з пашкоджаньнямі на трупе Аляксандра. Гэтыя здымкі родныя салдата зрабілі за некалькі гадзін да пахаваньня. На адным з фота выразна відаць падвойны странгуляцыйны сьлед на шыі.
«Я хачу аднаго — каб была ўзбуджаная крымінальная справа, — кажа Вольга. — Мой сын быў забіты. Чаму ён дома не павесіўся? Калі былі суіцыдныя пляны, мог дома павесіцца. Чаму ў частцы павесіўся?»
Скаргу Вольгі на дзеяньні Сьледчага камітэту разглядалі ў закрытым рэжыме. Ужо ў судзе высьветлілася, што 20 чэрвеня 2019 году пастанова сьледчага Баланоўскага была адменена і было прынята рашэньне правесьці дадатковую праверку. Раней пра яе жанчына нічога ня ведала. Пастанову аб дадатковай праверцы прыняў кіраўнік аддзелу ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў супраць інтарэсаў службы і парадку выкананьня вайсковай павіннасьці галоўнага сьледчага ўпраўленьня цэнтральнага апарату СК палкоўнік юстыцыі Кавалёў. У выніку на судовым паседжаньні судзьдзя Дзядкова прыняла рашэньне: у задавальненьні скаргі Вольгі Шаўко адмовіць.
Чым скончылася дадатковая праверка і чаму палкоўнік Кавалёў вырашыў яе правесьці, ніхто Вользе пакуль не паведаміў.
«Ня ведаю, ці змагу я дамагчыся свайго, — кажа Вольга ў будынку суду. — Усё залежыць толькі ад Сьледчага камітэту. Яны павінны расьсьледаваць гэта. У мяне няма экспэртаў, якія скажуць, ці могуць быць такія пашкоджаньні пры павешаньні».
Жанчына ўжо напісала скаргу на рашэньне суду ад 1 ліпеня 2019 году. Яна кажа, што гатовая прайсьці ўсе інстанцыі.
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…