Навіны

«Гэта стары раскол». У Беларусі з’явілася яшчэ адна польская арганізацыя

У Беларусі ўтварылася чарговая польская арганізацыя. Яе ўзначаліў Мечыслаў Яскевіч, які раней быў старшынём непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў, піша s**boda.org.

«Гэта арганізацыя апалітычная»

Як кажа Мечыслаў Яскевіч, новая арганізацыя называецца «Супольнасць палякаў» (Wspólnota Polaków). 11 чэрвеня яе зарэгістравала Міністэрства юстыцыі Беларусі. Арганізацыя будзе займацца падтрымкай польскай культуры і традыцый польскага народу. Пры ёй дзейнічае польская школа імя Яна Паўла II, у якой дзеці могуць атрымаць дадатковую адукацыю.

«Гэта арганізацыя апалітычная. Наша палітыка — чацьвёртая Божая запаведзь: „Слухай сваю маці“», — кажа Яскевіч.

Колькі ў «Супольнасці» сяброў, цяпер цяжка сказаць. Аднак вядома, што на сходзе заснавальнікаў напрыканцы траўня сабраліся 64 прадстаўнікі розных польскіх арганізацый з усяе Беларусі.

Паводле кіраўніка навастворанай арганізацыі, зарэгістраваць яе спрабавалі больш за два гады — з лютага 2017-га. Урэшце шостую просьбу задаволілі. Офіс цяпер у Горадні на вуліцы Будзённага.

«Мы хацелі легалізаваць арганізацыю, якая дзейнічае ў Беларусі, зрабіць без скандалаў, без шуму», — патлумачыў Яскевіч.

«Фінансаванне будзем прасіць паўсюль»

На пытанне, навошта яшчэ адна польская арганізацыя ў Беларусі, спадар Яскевіч адказаў: каб у людзей быў выбар, да каго далучыцца, бо ў розных арганізацый розны падыход да справы.

Кім будзе фінансавацца новая арганізацыя, пакуль незразумела.

«Фінансаванне будзем прасіць паўсюль, дзе можам, у людзей добрай волі», — кажа старшыня новай арганізацыі.

Таксама пакуль не зразумела, як да «Супольнасці палякаў» ставяцца польскія ўлады.

«Я паінфармаваў амбасаду, кансулят. Нічога кепскага мы не робім, убачым… Будзем размаўляць на гэтую тэму. Мы хочам, каб нас прызналі», — кажа Яскевіч.

Ці можна назваць новую арганізацыю трэцім Саюзам палякаў?

«Так, яна трэцяя арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню пасля зарэгістраванага Саюзу палякаў і Polskiej macierzy szkolnej», — адказаў Яскевіч.

На пытанне, да якога СПБ новая арганізацыя больш прыхільная, Яскевіч адказаў, што прыязна ставіцца да ўсіх.

«Няма кепскіх ці добрых палякаў, усе аднолькавыя, усе мы разам. Таму мы „Супольнасць“. Нікога не дзялю», — сказаў Яскевіч.

У Беларусі дзейнічаюць два Саюзы палякаў

Фактычна цяпер у Беларусі існуюць два Саюзы палякаў Беларусі (СПБ). Упершыню такі саюз быў заснаваны ў 1990 годзе. Аднак у 2005 годзе ён падзяліўся. Адзін новы саюз, прызнаны беларускімі ўладамі і не прызнаны польскімі, цяпер узначальвае Мечыслаў Лысы. Другі, на чале з Анжалікай Борыс, не зарэгістраваны ў Беларусі, але яго падтрымлівае Польшча.

Мечыслаў Яскевіч узначальваў непрызнаны беларускімі ўладамі СПБ у 2012−2016 гадах. Калі на пасадзе яго змяніла Анжаліка Борыс, адбыўся скандал, і Яскевіч вырашыў стварыць уласную арганізацыю.

Яшчэ адна арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню — Polska macierz szkolna.

Не вярнуў 30 тысяч еўра?

Старшыня незарэгістраванага СПБ Анжаліка Борыс кажа, што гэта стары раскол, які пачаўся ў 2016 годзе, пасля таго як Яскевіч прайграў выбары на старшыню СПБ. Па словах Борыс, тады Яскевіч забраў маёмасць арганізацыі і не адсправаздачыўся за сваю дзейнасць ні перад СПБ, як мусіў паводле статуту арганізацыі, ні перад польскімі ўладамі, якія фінансавалі дзейнасць СПБ. Як цвердзіць цяперашняя старшыня неафіцыйнага СПБ, Яскевіч застаўся вінен СПБ 30 тысяч еўра і рухомую маёмасць.

«Я не скраў нічога»

Мечыслаў Яскевіч аспрэчыў гэтую інфармацыю.

«Я не скраў нічога. Я не скраў ні лаўкі, ні сталы, ні дошкі. Дамоў я не пабудаваў», — сказаў ён.

Яскевіч патлумачыў, што гаворка ідзе пра маёмасць, якой цяпер карыстаецца школа імя Яна Паўла II. Пасля скандалу ён перажываў, што ягоная былая намесніца і дырэктарка гэтай школы Алена Дубоўская страціць пасаду, таму перадаў маёмасць гэтай школе.

«Тады ў школе было 150 дзяцей, цяпер 420. З 75 выпускнікоў 69 атрымалі польскую стыпендыю. Школа Яна Паўла II працуе. Алена Дубоўская працавала сумленна. Я перадаў гэтую маёмасць тым людзям, якія над гэтым працавалі. Борыс з Пачобутам не працавалі, яны гэта кінулі і ўцяклі», — эмацыйна кажа Яскевіч.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024