14 чэрвеня беларускі велааматар Антон Лісавенка вырашыў праехаць уздоўж усёй мяжы Беларусі. Стартаваў падарожнік з Гродна і ў гэтым горадзе плануе скончыць сваю паездку. Чаму мінчанін вырашыў праехаць такі шлях і з якімі цяжкасцямі ўжо сутыкнуўся, ён распавёў Hrodna.life.
Да сваёй першай сур’ёзнай паездкі даўжынёй 2200 км вакол Беларусі Антон рыхтаваўся 8 месяцаў. Пра свае прыгоды ён распавядае ў ВКонтакте.
«Сэнс падарожжа — атрымаць асалоду ад цішыні, прыроды і разабрацца ў сваёй галаве. І нарэшце зразумець, хто я такі і на што здольны, — распавядае Антон. — Мэта — не праехаць усё ад „а“ да „я“ хутка, мэта — набрацца вопыту для наступных падарожжаў такога роду і напоўніцца да краёў уражаннямі».
Антон кажа, што бачыў ужо амаль усё ў цэнтральнай Беларусі, але ніколі не быў у далёкіх кутках краіны. Яму хочацца ўбачыць, як жывуць людзі ў іншых гарадах, пазнаёміцца з імі.
Антон планаваў укласціся ў 18 дзён, але ўжо з першых дзён паездкі зразумеў, што падарожжа расцягнецца.
«Стартаваў з Гродна, таму што лічу гэты горад самым прыгожым па ландшафце і архітэктуры, плюс бліжэй да Брэста, адзіны абласны горад у якім я не быў, — дадае веласіпедыст. — Планаваў праехаць за 18 дзён, але пасля двух дзён шляху зразумеў, што не паспею. Мэтай стала ехаць не хутка, а якасна. Убачыць больш, атрымаць асалоду ад падарожжа. Калі не паспею, праеду да канца пазней. Чаму ў адзіночку? Назаву тры прычыны: першая — магу ехаць у сваім тэмпе куды і як захачу, другая — не было адпаведнага кампаньёна, і трэцяя — толькі ў адзіночку,
спадзеючыся на самога сябе, можна зразумець на што ты здольны і хто ты ёсць насамрэч».
У паездку Антон узяў усю неабходную амуніцыю для велавандроўкі. У яго ёсць надзіманы кілімок, спальнік, гарэлка і многае іншае. Хлопец распавядае, што пакуль самае цяжкае ў паездцы гэта спёка і пошук месца для начлегу.
«Галоўныя цяжкасці гэта спёка і часам сустрэчны вецер. У першы дзень ледзь 100 км пераадолеў. Ледзь сонечны ўдар не атрымаў. На наступны дзень дзейнічаў па-іншаму. Кожныя 10−20 км прыпынак, абмываюся, мачу бандану на галаве і адпачываю ў цені. Нядаўна праязджаў манастырскую крыніцу, выкупаўся. Атрымаў порцыю шчасця.
У першы дзень з-за спякоты прыйшлося начаваць у гасцініцы ў горадзе Свіслач, прыняў чароўны душ. Ёсць цяжкасці з пошукам месца пад начлег, у гэтым раёне катастрафічна мала прыдатных рэк і азёр для гэтага. Працягваем шлях, паглядзім што будзе далей", — распавёў Антон.